Суд вынес прысуды па справе «Вясны»: Алесю Бяляцкаму – 10 гадоў калоніі


У судзе Ленінскага раёну Менску 3 сакавіка вынеслі прысуды праваабаронцам «Вясны». Суддзя Марына Запаснік прызначыла «вясноўцам» наступныя тэрміны:

  • старшыні «Вясны» і Нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму – 10 гадоў калоніі;
  • намесніку старшыні «Вясны» і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу – 9 гадоў калоніі;
  • каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміру Лабковічу – 7 гадоў калоніі;
  • праваабаронцу «Вясны» Дзмітрыю Салаўёву – 8 гадоў калоніі завочна.

Гэта на два гады менш кожнаму, чым прасіў пракурор Аляксандр Кароль. Таксама Бяляцкаму прызначаны штраф па 5000 б. в. (185 тысяч беларускіх рублёў ці 73 200 долараў). Астатнім прызначылі штраф у памеры 3000 б. в. (111 тысяч беларускіх рублёў). Прысуд яшчэ не ўступіў у сілу, праваабаронцы могуць абскардзіць яго.

Суд па справе праваабарончага цэнтра «Вясна». На здымку (злева направа) – Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч. Менск, Беларусь. 5 студзеня 2022 года.
Фота: belta.by

Тэлеграм-канал «BELTA» апублікаваў відэа з прысуду, на якім бачна залю, запоўненую, верагодна, курсантамі Акадэміі МУС. Раней такая практыка была распаўсюджанай на адкрытых палітычных працэсах, паведамляюць праваабаронцы. Гэта робіцца, каб у залю не маглі патрапіць людзі, якія прыйшлі падтрымаць палітвязняў.

Праваабаронцаў абвінавацілі ў незаконным увозе на тэрыторыю Беларусі вялікай сумы грошай без дэкларавання паводле ч. 4 арт. 228 КК і паводле арт. 342 КК за нібыта «фінансаванне групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Пракуратура лічыць злачынствам тое, што «Вясна» дапамагала аплачваць штрафы беларусам, якія былі асуджаныя паводле «палітычных» артыкулаў, а таксама шукала і аплачвала для такіх людзей адвакатаў.

Справу разглядалі ў адкрытым рэжыме з 5 студзеня 2023 года. Следства па справе працягвалася больш за год, з адвакатаў і сведак узятыя падпіскі аб неразгалошванні, таму падрабязнасці справы – невядомыя. Вядома толькі, што на допыты цягам года выклікалі родных вязняў, дзейных і былых сябраў арганізацыі, валанцёраў, актывістаў і простых грамадзянаў, якія звярталіся ў «Вясну» па дапамогу. Людзей выклікалі на допыты па ўсёй краіне, у Менску і рэгіёнах.

Нагадаем, што ў кастрычніку кіраўнік беларускай праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алесь Бяляцкі атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру.

Артыкулы
Што такое «Вясна»? Кароткая гісторыя праваабарончага цэнтру, на які напала дзяржава
2021.07.14 15:55

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў