Рэдакцыя ўкраінскага выдання «Tribuna.com» абнавіла «спіс ганьбы». У ім – 223 прозвішчы атлетаў, якія падтрымліваюць дыктатарскія рэжымы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, наўпрост ці ўскосна ўхваляюць вайну ва Украіне. У спіс трапілі 14 беларускіх спартоўцаў, у тым ліку скакун Максім Недасекаў і былая зорка футболу Аляксандр Глеб, сумна вядомы Дзмітрый Баскаў ды іншыя.
Паводле «Беларускага фонду спартовай салідарнасці» (BSSF), траплянне ў санкцыйны спіс Украіны будзе мець сур’ёзныя доўгатэрміновыя наступствы. На базе спісу будзе падрыхтаваная пастанова Вярхоўнай Рады Украіны, якую пасля ўхвалення Рады нацыянальнай бяспекі і абароны праз МЗС накіруюць усім міжнародным партнёрам.
«Гэта можа азначаць як мінімум доўгатэрміновы візавы бан і забарону на ўезд у краіны Еўропы і ЗША. Як максімум – поўны бан у міжнародным спорце і прыцягненне да адказнасці за падтрымку міжнародных злачынстваў у будучыні», – патлумачылі ў BSSF.
У санкцыйны спіс Украіны трапілі 14 беларускіх спартоўцаў. Спіс рэгулярна абнаўляецца.
Выканаўчы дырэктар BSSF Аляксандр Апейкін, каментуючы ўключэнне ў «спіс ганьбы» беларускіх спартоўцаў, казаў пра тое, што вяртанне да нармальнага жыцця ўсіх фігурантаў спісу будзе магчымы толькі «пасля прызнання віны, пакаяння перад беларускім і ўкраінскім народамі ды адказнасці перад законам дэмакратычнай Беларусі».
Зміцер Міраш belsat.eu