Польскі прэм’ер – Уладзіміру Зяленскаму: Польшча дапамагла Украіне, і пра гэта варта памятаць


Прэм’ер-міністр Матэўш Маравецкі нагадаў Уладзіміру Зяленскаму, што менавіта Польшча найбольш дапамагла Украіне ў той час, калі Берлін сумняваўся ў тым, каб надаваць якую-кольвек дапамогу, і пра гэта варта памятаць. Гэтыя словы былі сказаныя ім 1 кастрычніка падчас канферэнцыі партыі «Закон і справядлівасць» у Катавіцах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі ў Кіеве. 26 лістапада 2022 года.
Фота: канцылярыя прэм’ер-міністра Польшчы / Twitter

Польскі прэм’ер папярэдзіў Уладзіміра Зяленскага, што Нямеччына будзе заўсёды імкнуцца дамовіцца з Расеяй праз галовы дзяржаваў Цэнтральнай Еўропы:

«Я разумею, што ён [Уладзімір Зяленскі] цяпер думае, што ў яго будзе шчыльны саюз з Нямеччынаю. Папярэджваю: немцы заўсёды захочуць дамовіцца з расейцамі праз галовы цэнтральнаеўрапейскіх дзяржаваў. Гэта Польшча прыняла пад сваймі дахамі некалькі мільёнаў украінцаў, гэта палякі прынялі ўкраінцаў, гэта мы найбольш дапамаглі ў той час, калі немцы хацелі адправіць 5 тысячаў касак у абложаны Кіеў. Пра гэта не варта забывацца, прэзідэнце Зяленскі».

Матэўш Маравецкі адзначыў, што для партыі «Закон і справядлівасць» польскія інтарэсы вышэйшыя за нямецкія, партыя абараняе інтарэсы польскіх шахцёраў, працаўнікоў прамысловасці, а таксама фермераў. І калі Еўракамісія не працягнула эмбарга на ўкраінскае збожжа, польскі ўрад пастанавіў зрабіць гэта самастойна.

«Калі гаворка пра інтарэсы польскага земляроба, мы не будзем пытацца нічыйго меркавання ў Берліне ці Бруселі. Мы дзеем на карысць польскай сельскай гаспадаркі», – адзначыў польскі прэм’ер-міністр.

Таксама палітык дадаў, што польскі ўрад будзе абараняць сельскую гаспадарку ад украінскіх аграалігархаў, і нагадаў украінскаму прэзідэнту пра «вельмі няправільныя словы», прамоўленыя ў Генеральнай асамблеі ААН. Тады Зяленскі сказаў, што яму «трывожна бачыць, як сёй-той у Еўропе, некаторыя нашыя сябры ў Еўропе разыгрываюць салідарнасць у палітычным тэатры, робячы са збожжа трылер».

Стасункі паміж Польшчай і Украінаю сталіся больш напружанымі пасля таго, як Польшча разам з Вугоршчынай і Славаччынаю працягнулі эмбарга на ўкраінскае збожжа дзеля абароны ўласных фермераў. Украіна звярнулася з пазовам у Сусветную гандлёвую арганізацыю. У Польшчы, у сваю чаргу, прагучалі заявы прэм’ера, што яна «болей не перадае Украіне зброі, бо сама ўзбройваецца». Але, як патлумачыў гэтыя выказванні прэзідэнт краіны Анджэй Дуда, Польшча не будзе перадаваць Украіне менавіта новага ўзбраення, «якое мы цяпер набываем для мадэрнізацыі польскага войска».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў