Следства ў справе палітзняволенага Яўгена Батуры завершанае, справу перадалі ў пракуратуру для накіравання ў суд. Пра гэта паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook жонка палітвязня Дзіяна Серадзюк.
«Лістоў ад Жэні няма ўжо другі тыдзень. Але ёсць навіны: следства скончанае і справу перадалі ў пракуратуру. Так што чакаем на развязку», – паведаміла ў допісе Дзіяна Серадзюк.
Яўгена Батуру затрымалі 29 чэрвеня. У той дзень сваякам актывіста патэлефанаваў следчы і паведаміў, што найбліжэйшыя 10 содняў затрыманы правядзе на Акрэсціна. Як паведамляюць праваабаронцы, мужчына быў затрыманы за ўдзел у акцыях пратэсту 14 жніўня 2020 году ў Менску. Яўгену выставілі абвінавачанне паводле арт. 342 КК («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Праваабарончая супольнасць прызнала яго палітычным зняволеным.
На пачатку сакавіка 2022 года Яўгена Батуру разам з жонкаю, журналісткаю Дзіянаю Серадзюк затрымалі на выхадзе з царквы, дзе меўся адбыцца малебен за канец вайны ва Украіне. Яўген і Дзіяна правялі тады за кратамі 15 содняў адміністратыўнага арышту.
Яўген Батура – інжынер, які адпрацаваў 23 гады на адным з вядомых прадпрыемстваў Менску, але перад пачаткам 2022 году быў звольнены за сваю грамадзянскую пазіцыю.
Зміцер Міраш belsat.eu