Міліцыя Берасця паведаміла пра затрыманні ўдзельнікаў масавай акцыі непаўналетніх, на якую збіраліся прыхільнікі «ЧВК Редан».
Міліцыянты затрымалі 52 асобы, 41 з якіх – непаўналетні.
У дачыненні затрыманых праводзіцца правяранне, іхным дзеянням даецца прававая ацэнка. Падлеткі да 16 гадоў атрымаюць папярэджанні, таксама іх паставяць на «ўлік» у інспекцыю справаў непаўналетніх. Старэйшым за 16 гадоў пагражае яшчэ і адміністратыўная адказнасць.
Увечары 1 сакавіка таксама паведамлялася пра затрыманне сілавікамі падлеткаў каля менскага гандлёвага цэнтру «Galleria Minsk».
А ўвечары 28 лютага ў Гомлі, каля гандлёва-забаўляльнага цэнтру «Секрет», за «спробу правядзення масавай акцыі» сілавікі затрымалі 200 асобаў, 183 з іх – непаўналетнія. На наступны дзень усіх падлеткаў адпусцілі. Але Следчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»).
Субкультура «ЧВК Редан» сягае каранямі да японскага анімэ. Вулічная ж актыўнасць яе прыхільнікаў на постсавецкай прасторы пачалася пасля таго, як 22 лютага ў маскоўскім гандлёвым цэнтры «Авиапарк» адбылася масавая бойка. Тады хуліганы з каляфутбольнага асяроддзя («офнікі») паспрабавалі пабіць групу падлеткаў за выгляд: доўгія валасы і байкі з павуком – лагатыпам «Gen’ei Ryodan». Але ад хуліганаў сталі адбівацца.
Якуб Хруст belsat.eu