Вяртанне палонных ва Украіне і пратэсты ля Еўрапарламенту ў Бельгіі. Фатаграфіі тыдня


Паміж Украінай і Расеяй адбыўся чарговы абмен ваеннапалоннымі, у Аргенціне працягваюцца пратэсты супраць рэформаў прэзідэнта Мілея, сурок з ЗША прадказваў, якая будзе вясна ў гэтым годзе – сабралі вынікі тыдня ў фотаздымках.

Украінскія ваеннапалонныя, стоячы ў нацыянальных сцягах, абдымаюць адзін аднаго пасля вяртання дадому на ўкраінска-расейскай мяжы. Украіна вярнула 207 салдатаў у выніку абмену палоннымі з Расеяй. Кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак дадаў, што сярод вайскоўцаў шмат абаронцаў Марыупалю, вострава Змяінага і заводу«Азоўсталь». 31 студзеня 2024 года.
Фота: Danylo Pavlov / AP Photo / East News

Раней паведамлялася, што абмен палоннымі мусіў прайсці 24 студзеня, але папярэднія дамоўленасці былі скасаваныя праз крушэнне расейскага вайскова-транспартнага самалёта Іл-76 над Белгародскай вобласцю. Улады Расеі заявілі, што на борце самалёта знаходзіліся 65 украінскіх ваеннапалонных і 9 расейскіх вайскоўцаў. Кіеў не пацвярджаў ні ракетны ўдар па Іл-76, ні тое, што на борце былі ўкраінскія палонныя. Уладзімір Зяленскі заклікаў правесці міжнароднае расследаванне крушэння.

Ізраільскія салдаты правяраюць будынкі ў сектары Газа на фоне працягваючыхся баёў паміж Ізраілем і палестынскай групоўкай «Хамас».  31 студзеня 2024 года.
Фота: Israel Army / AFP / East News

Найбуйнейшай адначасовай стратай жаўнераў Цагалю падчас наземнай аперацыі ў сектары Газа стала 22 студзеня, калі вайскоўцы трапілі ў засаду баевікоў. Здарэнне адбылося, калі ізраільскія вайскоўцы мініравалі будынкі, каб разбурыць іх і расчысціць тэрыторыю для стварэння буфернай зоны. Як мяркуецца, палестынскія баевікі нанеслі ўдар з гранатамёту па танку побач з будынкамі, дзе знаходзіліся дзясяткі вайскоўцаў Цагалю, які прывёў да дэтанацыі ўзрыўчаткі і абвальвання двух будынкаў на салдат. У выніку чаго загінулі 21 салдат Цагалю.

Пастух Сюлейман Каракая займаецца развядзеннем дробных рагатых жывёлінаў больш за 55 гадоў, пачаўшы гэтым займацца ў 6 год. У моцныя маразы, якія бываюць у зімовыя месяцы, Сулейман спускае статак коз з гораў карміцца бліжэй да вёсак. Эрзінджане (Erzincan), Турцыя. 29 студзеня 2024 года.
Фота: Esra Hacioglu Karakaya / Anadolu Press / Abaca Press / East News
Украінскі салдат з 22-й брыгады Збройных сілаў Украіны кідае гранату з траншэі падчас вучэнняў у неўстаноўленым месцы ў Данецкай вобласці, Украіна. 2 лютага 2024 года.
Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Press / Abaca Press / East News
Паліцыя Буэнас-Айрэса жорстка затрымлівае дэманстранта падчас пратэсту перад будынкам Кангрэса, дзе заканадаўцы ў паскораным рэжыме абмяркоўваюць рэформы, прапанаваныя прэзідэнтам Хавіерам Мілеем. Для прыгнёту пратэсту паліцыяй былі ўжыты гумовыя кулі, слезацечны газ і вадамёты. Гадавы ўзровень інфляцыі ў Аргенціне складае 211% – гэта самы высокі паказчык за апошнія тры з лішнім дзесяцігоддзі, больш за 40% насельніцтва жыве за рысай беднасці. Буэнас-Айрэс, Аргенціна. 31 студзеня 2024 года.
Фота: Luis Robayo / AFP / East News
Кіраўнік клубу сурка А.Дж. Дэрэўм трымае сурка Філа, які штогод прадказвае прыход вясны, падчас інтэрв’ю з журналістам на святкаванні 138-га Дня сурка ў горадзе Панксутоні (Punxsutawney), штат Пенсільванія. Даглядчыкі Філа сказалі, што сурок прадказаў раннюю вясну ў гэтым годзе. Згодна традыцыі, сурок павінен вылезці з нары і адрэагаваць на свой цень: калі ён яе заўважыць, спалохаецца і схаваецца, значыць, наперадзе доўгія халады. Калі не – вясна прыйдзе рана. Панксутоні, ЗША. 2 лютага 2024 года.
Фота: Barry Reeger / AP Photo / East News
Мясцовыя жыхары ў Бруселі падтрымліваюць фермераў, якія прыехалі на трактарах да будынку Еўрапейскага парламенту, дзе праходзіць саміт ЕЗ, каб дабіцца большай дапамогі на фоне павышэння падаткаў, росту выдаткаў і таннага імпарту аграпрадукцыі. Брусель, Бельгія. 1 лютага 2024 года.
Фота: Jonas Roosens / Hollandse Hoogte / East News
Прамысловыя альпіністы, апранутыя ў касцюмы дыназаўраў, чакаюць сваё чаргі для спуску на тросах з Дзіцячага аздараўленчага цэнтру ў Варшаве. У рамках агульнанацыянальнай кампаніі «Альпіністы за WOŚP» альпіністы апранаюцца ў касцюмы супергерояў і чысцяць вокны дзіцячых больніцаў, каб парадаваць дзяцей і адначасова падтрымаць Вялікі аркестр каляднай дабрачыннасці (WOŚP). Варшава, Польшча. 29 студзеня 2024 года.
Фота: Marzena Wystrach / Reporter / East News

Андрэй Шаўчэнка belsat.eu

Стужка навінаў