«Боінгі», што належаць «Белавіі», больш не змогуць абслугоўвацца ў Турцыі


Турцыя часова спыняе тэхнічнае абслугоўванне самалётаў «Boeing» і «Airbus» з Расеі, Беларусі і Ірану праз санкцыі ЗША, паведамляе партал «Haber Aero».

Самалёт «Белавіі» – 737-800.
Фота: belavia.by

«Havaş», даччыная кампанія найбуйнейшага ў Турцыі пастаўшчыка паслугаў наземнага абслугоўвання аэрапортаў «TAV Airports», папярэдзіла, што не зможа абслугоўваць амерыканскія і некаторыя еўрапейскія самалёты у Расеі, Беларусі і Іране.

Генеральны дырэктар «Havaş» 31 студзеня накіраваў ліст адпаведным кампаніям, у якім гаворыцца, што амерыканскія «Boeing» і некалькі самалётаў «Airbus» еўрапейскай вытворчасці абслугоўвацца не будуць. У спіс увайшлі больш за 170 самалётаў. З іх 7 беларускіх, што належаць «Белавіі», 4 іранскія, а астатнія належаць расейскім авіякампаніям.

Раней паведамлялася, што турэцкія асобы або ўстановы сутыкнуцца з санкцыйнымі штрафамі, турэмным зняволеннем або пазбаўленнем экспартных прывілеяў, калі будуць выконваць запраўку і пастаўку запасных частак для самалётаў амерыканскай вытворчасці з Расеі і Беларусі.

Забарона пашыраецца на самалёты, у якіх больш за 25 % амерыканскіх дэталяў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў