Лукашэнка паказаў першы камп'ютар, створаны ў Беларусі. Беларускага там толькі 12 %


У Дзень ведаў, 1 верасня, Аляксандр Лукашэнка праводзіць у Палацы Рэспублікі адкрыты ўрок «Гістарычная памяць – дарога ў будучыню!» для навучэнцаў. Падчас якога прадэманстраваў камп’ютар «нумар адзін», створаны ў Беларусі.

Скрыншот з відэа: pul_1/Telegram

«Я папрасіў прынесці на нашую сустрэчу вось гэты прадукт. Гэта першы камп’ютар «нумар адзін», які мне падарылі нашыя разумныя людзі. Ім паставілі заданне «пашатацца па ўсім свеце», знайсці найлепшае. Тое, чаго мы не можам ствараць, праграмнае забеспячэнне, працэсары, і стварыць гэты кампʼютар. Покуль тут каля 12 % беларускага. Да канца года будзе 30 %. Вы можаце потым яго памацаць», – сказаў Лукашэнка навучэнцам.

Таксама ён заявіў, што «такіх сучасных рэчаў не робіць ніводная краіна». Сам камп’ютар выраблены на заводзе «Гарызонт».

«А з расейцамі мы суперкамп’ютар таксама стварылі – па-мойму, тры ці пяць іх ужо выпусцілі, і яны нармальна працуюць», – дадаў Лукашэнка.

Акрамя прэзентацыі камп’ютара, Лукашэнка распавёў пра важнасць вывучэння гісторыі для выхавання патрыятызму і тое, як складана працаваць беларускім вайскоўцам і сілавікам: «Абстаноўка вакол нашай краіны не дазваляе нам ні на хвіліну расслабіцца. Мы з вамі тут вядзем размову, а яны стаяць на варце нашага міру». Таксама ён заявіў, што сёння свет ахоплены падзеямі, якія патрабуюць своечасовага тлумачэння пазіцыі дзяржавы.

Аналітыка
Колькі каштуе сабраць дзіця ў школу ў Беларусі, Літве, Польшчы і Грузіі?
2022.08.24 14:20

Нагадаем, як у 2009 годзе ў сеціве з’явіліся здымкі манітора, нібыта сабранага беларускім заводам «Інтэграл». Пазней, калі адзін з беларускіх навукова-даследчых інстытутаў закупіў маніторы, пад налепкамі «Integral» хавалася іншая вядомая марка – «Acer». Пазней пад выглядам манітораў беларускай вытворчасці прадавалі маніторы марак «Benq» і «AOC».

Мы таксама вырашылі пашукаць сярод папулярных мадэляў ноўтбук падобны на той, што трымаў у руках Лукашэнка. Вось на якія мадэлі ён падобны:

HUAWEI MateBook D 14

Справа – ноўтбук HUAWEI MateBook D 14. Калаж: скрыншот з відэа pul_1/Telegram; tabletowo.pl

LENOVO IdeaPad 3

Справа – ноўтбук LENOVO IdeaPad 3. Калаж: скрыншот з відэа pul_1/Telegram; lenovo.com

Xiaomi Mi Notebook Pro

Справа – ноўтбук Xiaomi Mi Notebook Pro. Калаж: скрыншот з відэа pul_1/Telegram; mundoconectado.com.br

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў