Дзень ведаў 1 верасня стаў працягам змагання беларусаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнціх выбараў і гвалту сілавікаў. Падводзім вынікі дня.
Ад сённяшняга Дня ведаў улады ведаў не чакаюць. Для іх галоўнае цяпер – уставіць паўсюль паболей афіцыйнай сімволікі ды ідэалогіі, паставіць на варце міліцыянтаў, а псіхолагаў замяніць ваенрукамі. Паўсюль уводзяцца камеры ды турнікеты.
Не патрэбная ўладам і беларускамоўная адукацыя, нават калі яе патрабуюць людзі.
Першага верасня шмат якія бацькі свядома не павялі дзяцей на першы ўрок у школу. Зрэшты, нават урачыстая лінейка сёлета прайшла з адметнасцямі. Некалькі разоў гучаў дзяржаўны гімн, а каля школы дзяжурылі міліцыянты.
Дзеці ж ідэалагічнай апрацоўцы не паддаюцца і працягваюць спрачацца з настаўнікамі ды жадаць зменаў для Беларусі.
Хоць новых санкцыяў у дачыненні да рэжыму пакуль не ўвялі, працягваюць дзейнічаць старыя. Пад пагрозай апынуўся праект будаўніцтва ў Беларусі Нежынскага горна-ўзбагачальнага камбінату, які кампанія расейскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева «Славкалий» узводзіць на крэдытныя сродкі Кітая пад гарантыю беларускага ўрада. З прычыны санкцыяў у дачыненні да Гуцэрыева Пекін адмаўляецца выдаваць яму даўно абяцаныя 580 млн долараў, а праз гэта ад яго сыходзяць падрадчыкі.
Амерыканская карпарацыя «Cummins», адзін з асноўных дастаўцаў рухавікоў для БелАЗу, паведаміла пра спыненне супрацы з ім. Кампанія з ЗША не хоча супрацоўнічаць з тымі, хто рэпрэсуе сваіх працаўнікоў. І гэта ўжо не першая такая кампанія, што адмаўляецца ад супрацы з БелАЗам.
У дадатак да ўсяго гэтага Міжнародны арбітражны трыбунал у Гаазе абавязаў Беларусь выплаціць амаль $ 22,5 млн расейскаму інвестару за экспрапрыяваную маёмасць і парушэнне стандарту справядлівага абыходжання ў справе «Манолиум-Процессинг» супраць Беларусі.
А ў Падляскім ваяводстве Польшчы затрымалі фуру з нелегальнай партыяй тытуню для кальянаў, якой кіраваў 34-гадовы беларус. Калі б тытунь трапіў у продаж, то польскі скарб мог бы страціць амаль 4 млн еўраў.
Каб знайсці грошы ўлады ціснуць ужо на сваіх. Напрыклад, Аляксандр Лукашэнка ўнёс папраўкі ў свой указ 2008 года: кампанія некалі блізкага да яго Юрыя Чыжа «Трайпл» цяпер абавязаная сплаціць у бюджэт суму ільготаў і прэферэнцыяў, атрыманых ад дзяржавы пры рэалізацыі будаўнічых праектаў.
Хто наступны ў чарзе на пакрыццё выдаткаў рэжыму?
МГ belsat.eu