Генпракурор Украіны: Палонных у Аленаўцы маглі забіць з дапамогай тэрмабарычнай зброі


Паводле папярэдніх дадзеных міжнародных экспертаў, украінскія ваеннапалонныя ў калоніі акупаванай Аленаўкі былі забітыя з дапамогай тэрмабарычнай зброі. Пра гэта паведаміў генпракурор Украіны Андрэй Косцін у эфіры тэлемарафона, піша партал «Слово і діло».

Наступствы ўдару ў Аленаўцы.
Фота: РИА Новости

«Мне дакладваюць кожныя тры гадзіны, што адбываецца ў гэтай крымінальнай вытворчасці. Цяпер мы прыцягнулі нашых міжнародных экспертаў. Ёсць шмат міжнародных экспертаў, якія супрацоўнічаюць з Офісам генпракурора.

Хачу паведаміць, што папярэднія высновы нашых міжнародных экспертаў гавораць аб тым, што спосабам гэтага забойства была тэрмабарычная зброя. Гэта папярэднія высновы некалькіх міжнародных экспертаў. Гэта значыць, безумоўна, не ракетны абстрэл – у гэтым яны ўпэўненыя.

Гэта таксама пацвярджаецца той інфармацыяй, якую зараз прапрацоўваюць органы дасудовага расследавання пад працэсуальным кіраўніцтвам пракурораў Офіса генпракурора», – заявіў Косцін.

Дарадца кіраўніка офісу прэзідэнта Міхайла Падаляк таксама заяўляў, што «аналіз фота сведчыць аб тэрмабарычным выбуху знутры».

Наступствы ўдару ў Аленаўцы.
Фота: скрыншот з відэа

У Генштабе ЗСУ лічаць, што расейскія акупанты наўмысна абстралялі калонію ў Аленаўцы, дзе былі ўкраінскія ваеннапалонныя, каб абвінаваціць Украіну ў здзяйсненні «ваенных злачынстваў». Таксама такім чынам расейцы плануюць схаваць уласныя злачынствы – катаванні, здзекі. Расея заявіла аб 53 загінулых.

Hавiны
Сярод загінулых у Аленаўцы былі абаронцы «Азоўсталі»
2022.07.31 15:37

Каментуючы відэа з катаваннямі і забойствам украінскага палоннага расейскім вайскоўцам, Косцін заявіў, што следства валодае інфармацыяй аб некалькіх асобах, якія могуць мець дачыненне да гэтага злачынства.

«Ёсць інфармацыя аб некалькіх асобах, але цяпер яшчэ няма безумоўнай інфармацыі аб асобе, якая ўчыніла гэта злачынства. Як толькі мы зможам атрымаць безагаворачныя доказы, то гэтай асобе будзе паведамлена аб падазрэнні і яна можа быць аб’яўлена ў міжнародны вышук», – сказаў ён.

Пасля публікацыі відэа карыстальнікі сацсетак самі спрабавалі знайсці расейскага злачынца, які катаваў украінскага палоннага.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў