Міністру замежных справаў Расеі Сяргею Лаўрову прысвоілі званне ганаровага прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, паведамляе расейскае агенцтва «Спутник».
Раніцай 1 ліпеня Лаўроў прыбыў на сустрэчу са студэнтамі і выкладчыкамі ўніверсітэту. Дыплом і прафесарскую мантыю кіраўніку расейскага МЗС уручыў асабіста рэктар БДУ Андрэй Кароль падчас сустрэчы.
У канцы сустрэчы ад імя студэнтаў БДУ Сяргею Лаўрову ўручылі падарунак.
Візіт міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова ў Беларусь праходзіць з 29 чэрвеня да 1 ліпеня і прымеркаваны да 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных стасункаў паміж Беларуссю і Расеяй.
Падчас візіту запланавалі сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама перамовы з міністрам замежных справаў Беларусі, «у хадзе якіх будуць абмеркаваныя пытанні двухбаковага вонкавапалітычнага ўзаемадзеяння, саюзнага будаўніцтва, а таксама актуальныя міжнародныя праблемы», паведамляла раней прадстаўніца МЗС РФ.
Алена Рувіна belsat.eu