Нацыянальны банк у сваім статыстычным бюлетэні раскрыў інфармацыю пра крэдытаванне фізічных асобаў. Паводле звестак на 1 красавіка, агульная запазычанасць беларусаў склала Br 17,335 млрд. Гэты паказнік бесперапынна расце з леташняга чэрвеня. Эканаміст Дзмітрый Крук заявіў «Белсату», што нічога анамальнага ў гэтым няма, і растлумачыў чаму.
З леташняга чэрвеня агульная запазычанасць фізічных асобаў перад банкамі вырасла амаль на 6,5 %. Дасюль беларусы вяртаюць крэдыты ў валюце, якія забаранілі ажно ў 2009 годзе. Паводле звестак на 1 красавіка, фізічныя асобы мусяць вярнуць валюты на Br 15 млн (у пераліку).
Асноўную частку агульнай запазычанасці складаюць крэдыты на нерухомасць: Br 12,86 млрд з Br 17,335 млрд. Пры гэтым новыя пазыкі бяруць болей на спажывецкія патрэбы, умоўныя смартфоны, пральныя машыны і мэблю. За студзень – сакавік на нерухомасць банкі выдалі Br 413 млн, а на спажывецкія тавары – Br 2,243 млрд. Што праўда, крэдытаў на кватэры сталі браць болей у параўнанні з першым кварталам летась, тады было Br 333 млн (плюс 24 %).
Старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук растлумачыў «Белсату», што крэдытаванне фізічных асобаў павялічваецца з дзвюх прычынаў: свабодныя грошы ў банках і рост рэальных заробкаў. Ён таксама сказаў, што нічога анамальнага або дзіўнага ў статыстыцы рэгулятара не заўважыў:
«Галоўная прычына ў тым, што ў банках назбіралася зашмат свабодных грошай, і ўлады, Нацбанк усімі магчымымі шляхамі спрыяюць павелічэнню крэдытавання, маючы на ўвазе задачу падштурхнуць эканоміку, каб банкі ўлівалі ў яе грошы».
Пры гэтым банкі больш ахвотна пазычаюць фізічным асобам, чымся юрыдычным: гэтак надзейней.
«Банкі бачаць, што надзейных агентаў, каму можна пазычыць грошы, сярод юрыдычных асобаў не так шмат. З пункту гледжання рызык ім нашмат лепш пазычаць фізічным асобам», – адзначыў Крук.
Беларусы бяруць болей крэдытаў таму, што растуць заробкі, кажа эканаміст. Ён не пагадзіўся з меркаваннем, што, калі павялічваецца даход, то і патрэбы ў пазыках няма:
«З верасня – кастрычніка летась ізноў сталі расці рэальныя заробкі, і ў першым квартале сёлета яны выйшлі на даваенны ўзровень, таму фізічныя асобы робяцца больш плацежаздольнымі. Іхны попыт на крэдыты – абсалютна натуральная рэакцыя: калі могуць сабе дазволіць, хочуць больш доўгатэрміновых тавараў, асабліва ўлічваючы, што попыт на шмат якія з іх адкладаўся яшчэ з пачатку ковіду. Крэдыты могуць сабе дазволіць тыя, у каго ёсць пэўная плацежаздольнасць».
Адначасова Дзмітрый Крук звярнуў увагу на рост крэдытаў на нерухомасць:
«Тэндэнцыя літаральна апошні месяц – два. Банкі робяць больш таннымі шмат якія праграмы на крэдытаванне жытла. Адпаведна, тыя, хто адкладаў попыт на жытло апошні год – два, калі не былі дасяжныя гэтыя крэдыты, цяпер ахвотна іх бяруць і набываюць жытло».
Пратэрмінаваная крэдытная запазычанасць з пачатку года скарацілася на 8 %. Паводле звестак на 1 красавіка, беларусы не вярнулі своечасова Br 34,5 млн. «Гэта слёзы. Гэта неістотна», – супакоіў эканаміст.
Сяргей Крот belsat.eu