На акупаванай тэрыторыі Луганскай вобласці Украіны выбухнуў аўтамабіль з чыноўнікам расейскай адміністрацыі Валерыем Чайкам. Ён загінуў. Пра гэта паведамляюць расейскія СМІ са спасылкай на акупацыйную адміністрацыю.
Чайка быў намеснікам кіраўніка «Цэнтру абслугоўвання адукацыйных арганізацый». Гэта структура, напрыклад, арганізуе аказанне камунальных паслуг установам адукацыі.
У пачатку 2023 года Служба бяспекі Украіны абвясціла, што Чайцы выстаўлена падазрэнне ў калабарацыянізме. Па дадзеных СБУ, Чайка ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання падтрымаў акупантаў і прапаноўваў ім дапамогу ў агрэсіі супраць Украіны. Такім чынам ён стаў дарадцам кіраўніка адміністрацыі Старабельскага раёну так званай «ЛНР».
Яго таксама падазраюць у задушэнні супраціву расейскай акупацыі. У маі 2022 года ён прыняў удзел у цырымоніі да «Дня Расеі» на акупаваных тэрыторыях.
Ва Украіне Чайцы пагражала да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Арсен Рудэнка belsat.eu