Польскі міністр далучыў Партугалію да супраціўнікаў новых санкцыяў у дачыненні Беларусі


Міністр Польшчы ў справах Еўразвяза Шымон Шынкоўскі вэль Сэнк заявіў агенцтву PAP, што Варшава і надалей будзе пераконваць еўрапейскіх партнёраў у неабходнасці пашырэння санкцыяў супраць Беларусі. Адной з краінаў, «якая выклікае некаторыя сумневы ў гэтым пытанні», ён назваў Партугалію.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Mylo Kaye / Pexels

Польшча паабяцала пераконваць сваіх еўрапейскіх партнёраў у неабходнасці ўвесці супраць Беларусі новыя санкцыі – такія ж, як і супраць Расеі. Міністр у справах Еўразвяза Шымон Шынкоўскі вэль Сэнк адзначыў, што гэта паслядоўнае патрабаванне Варшавы:

«Беларускія санкцыі мусяць быць адаптаваныя да таго пакета, які сёння ўведзены ў дачыненні Расеі. У адваротным выпадку гэта просты шлях абыходу санкцыяў. Ва ўсякім разе, такія выпадкі мы назіраем».

Міністр падкрэсліў, што з партнёрамі на гэты конт стала вядуцца перамовы.

«Мы гаворым аб гэтым з Еўракамісіяй, мы таксама гаворым з іншымі нашымі партнёрамі, у тым ліку з Партугаліяй, якая выклікае некаторыя сумневы ў гэтым пытанні», – сказаў Шынкоўскі.

ЕЗ увёў супраць Расеі дзесяць пакетаў санкцыяў. Апошні – 25 лютага, на гадавіну вайны ва Украіне. Тыя рэстрыкцыі Беларусь не закранулі. Болей за тое, у медыях стала з’яўляцца інфармацыя, што санкцыі супраць Менску могуць, наадварот, змякчыць. Кіраўнік НАУ Павел Латушка казаў, што, паводле ягоных звестак, Еўразвяз можа зняць санкцыі з беларускай калійнай галіны.

Hавiны
Лепш не стала. Прэзідэнт Літвы выступіў супраць спробаў змякчыць санкцыі адносна Лукашэнкі
2023.03.23 17:07

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў