МАЗ выпусціў новы турыстычны аўтобус, ён вельмі падобны да кітайскага аналагу


Разбіраемся, што за новы аўтобус, чаму МАЗ хавае яго цану і з якой прычыны Менскі завод спыніў вытворчасць яго папярэдніка.

Вытворчасць МАЗ-251 спынілася праз санкцыі

Турыстычны аўтобус МАЗ-251 выпускаўся з 2005 года, усяго было зроблена 398 аўтобусаў. Іх бы рабілі і далей, калі б не санкцыі. У 2022 годзе супраць Менскага аўтамабільнага заводу былі ўведзеныя еўрапейскія абмежаванні. І хоць рэжым кажа, што санкцыі не працуюць, вытворчасць аўтобусаў мусілі спыніць у сувязі з адмовай кампаніі «Mercedes-Benz» ад супрацы і са спыненнем паставак рухавікоў. А без іх беларускі аўтобус МАЗ-251 проста не мог ехаць. Справу ўладкоўвалі больш за год, але так да канца і не ўладкавалі.

Фота: Тэлеграм-канал maz_avtozavodec

Новы МАЗ-350 пакуль існуе толькі ў адным экзэмпляры – і не вядома, ці можа ён самастойна ездзіць і колькі каштуе.

Упершыню Менскі аўтазавод прэзентаваў новы турыстычны аўтобус МАЗ-350 улетку 2023-га на форуме «ИННОПРОМ-2023» у Екацярынбургу, пасля аўтобус паказалі ў Маскве, і толькі потым – удома. Як піша сайт МАЗу, турыстычны аўтобус на 78 % складаецца з беларускіх і расейскіх дэталяў, яшчэ 15 % пастаўляюцца з сяброўскіх краінаў, 7 % – гэта дэталі, якія трэба імпартазамясціць. Але на гэты момант масавага выпуску не пачалі, вядома, што пакуль выпушчаны толькі адзін аўтобус. У адкрытых крыніцах яго цаны няма. Мы звязаліся з заводам, каб даведацца цану на новы МАЗ-350, але назваць яе нам адмовіліся.

«Магчыма, на МАЗе так хацелі зрабіць аўтобус, які будзе цалкам складацца з беларускіх і расейскіх дэталяў, што ў выніку выйшла задорага. І значыць, праз завысокі кошт ён не вытрымае канкурэнцыі з кітайскімі аўтобусамі. У нас у продажы гэтага аўтобуса няма, цяпер прадаём толькі аўтобусы кітайскіх марак», – ананімна выказаў здагадку адзін з прадаўцоў аўтобусаў у Беларусі.

Лукашэнка таксама не ў захапленні ад новага МАЗ-350

Лукашэнку новы МАЗ паказалі толькі праз паўгода пасля выпуску, калі ён наведаў завод.

– Вы нам далі даручэнне зрабіць турыстычны аўтобус, у нас цудоўны аўтобус, але ён ужо састарэў, яму ўжо дваццаць гадоў. Мы займаліся крыху больш за адведзены вамі тэрмін, але аб’ектыўна мы развязалі пытанне з пункту гледжання імпартазамяшчальнасці. Тут Менскі аўтамабільны завод: каркас, восі, масты, – сказаў, звяртаючыся да Лукашэнкі і паказваючы новы аўтобус, гендырэктар МАЗу Валеры Іванковіч.

– А колькі такіх машынаў зрабілі? – абарваў Іванковіча Лукашэнка.

– Мы зрабілі гэты першы доследны ўзор, сёлета стаіць задача зрабіць дзесяць аўтобусаў.

Але не паспеў чыноўнік адказаць, як ад дыктатара прагучала:

– Ну ты ведаеш, куды ты іх прадасі?

Праз тыдзень пасля візіту Лукашэнкі на завод генеральны дырэктар МАЗу заявіў, што на ўсе аўтобусы ўжо ёсць пакупнік у Расеі.

Журналісты «Белсату» некалькі разоў пад выглядам пакупнікоў звярталіся на завод, нам адказвалі на нашыя пытанні, але як толькі гучала пытанне пра новы турыстычны аўтобус, дыялог тут жа спыняўся. Нічога не гавораць пра новы аўтобус і самі працаўнікі МАЗу: як высветлілася, у іх у саміх няшмат інфармацыі.

Рухавік у новым МАЗе не беларускі, як і многія іншыя дэталі

Павал, электрамеханік з Беларусі з 20-гадовым стажам, распавёў «Белсату», што не так з новым МАЗ-350 і чаму новая мадэль беларускага аўтобуса моцна нагадвае кітайскія аналагі.

«У структуры кошту любога транспартнага сродку трансмісія займае 10 %, рухавік – 15 %, электроніка – 15 %, салон – 10 % шасі – 15 %, астатняе – кузаў і колы. У МАЗ-350 трансмісія або амерыканская «Allison» са старых запасаў, або кітайская «Fast gear», кітайскі рухавік «Weichai», электроніка, электрыка, бартавы камп’ютар, блокі кіравання, асвятленне і іншыя дэталі, адпаведна, таксама кітайскія з беларускімі налепкамі, пастаўляюцца беларускімі пастаўнікамі. Гэта ўжо не менш за 35 % імпартных дэталяў у складзе аўтобуса, але ні пра якія 78 % лакалізацыі, як сцвярджаюць на заводзе, гаворкі не ідзе, – кажа спецыяліст.

Нагадаем, што лакалізацыя паказвае, наколькі тая ці іншая мадэль насамрэч беларуская.

У 2022 годзе «Беларусліфт» стаў афіцыйным дыстрыб’ютарам «Yutong» у РБ. Праз год МАЗ чароўным чынам дэманструе сваю новую мадэль – МАЗ-350, якая вонкава і нават асобнымі часткамі кузава і аздабленнем нагадвае мадэлі аўтобусаў «Yutong». Нават колеры кузава аднолькавыя, а значыць, лакафарбавае пакрыццё таксама кітайскай вытворчасці, бо якасных аналагаў у Беларусі не вырабляюць. Таксама ручкі багажных аддзяленняў адзін у адзін супадаюць, тканіны крэслаў у салоне, ашалёўка, панэлі салону – усё зноў жа кітайскай вытворчасці», – лічыць Павел.

У нашага эксперта ёсць вялікія сумневы, што новы МАЗ вытрымае канкурэнцыю не толькі ў Беларусі, але і на расейскім рынку.

Беларусаў перасаджваюць на кітайскія аўтобусы

Нагадаем, што нядаўна футбольны клуб «Нёман» купіў аўтобус кітайскай маркі «Zhongtong Bus» за 170 тысяч долараў. Пасля ўвядзення санкцыяў у Беларусь складана прывозіць аўтобусы заходніх марак, таму асноўным гульцом на беларускім рынку зрабіліся кітайцы. «КітБізнесАўта» з Бабруйску ўжо прадае, прычым не першы год, сучасныя міжгароднія і турыстычныя аўтобусы з Кітаю. Пачыналася ўсё з брэнду «Yutong». Цяпер «КітБізнесАўта» – афіцыйны дылер «Zhongtong» і «Higer». Толькі з пачатку гэтага года аўтобусы «Zhongtong LCK6127H ComPass» набылі футбольныя клубы «Дынама» (Менск) і «Гомель», турыстычная фірма «АнітаВу» з Менску і Пінскі аўтобусны парк.

Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў