«Reuters» паведаміў пра намер ЗША ўпершыню перадаць Украіне далёкабойныя ракеты


Крыніцы агенцтва «Reuters» паведамілі, што ЗША ўпершыню перададуць Украіне далёкабойныя ракеты GLSDB. Яны здольныя атакаваць цэлі на адлегласці да 150 кіламетраў. Гэтыя боепрыпасы ўвойдуць у новы пакет дапамогі на 2,2 млрд долараў.

Ракета GLSDB супольнай шведска-амерыканскай вытворчасці.
Фота: SAAB / Instagram

Ракеты GLSDB – саманаводныя і высокадакладныя. Гэта супольнае распрацоўванне амерыканцаў і шведаў. Ракеты запускаюцца ў тым ліку з сістэмаў HIMARS і могуць атакаваць рухомыя цэлі на адлегласці да 150 кіламетраў.

Раней хаўруснікі Украіны перадавалі ёй ракеты з максімальнай дальнасцю 80 кіламетраў.

Агулам чарговы пакет дапамогі ЗША складзе 2,2 млрд долараў. Чакаецца, што ў гэтай партыі будзе абсталяванне для сістэмаў супрацьпаветранай абароны «Patriot», высокадакладныя боепрыпасы і супрацьтанкавая зброя «Javelin». Пра гэта афіцыйна абвесцяць да канца тыдня, піша «Reuters».

Тым часам стала вядома, што Францыя пастанавіла перадаць Украіне яшчэ 12 самаходных гаўбіцаў «Caesar» у дадатак да 18-ці, якія былі пастаўленыя раней. Міністр абароны рэспублікі Сэбаст’ен Лекарню (Sébastien Lecornu) пасля сустрэчы ў Парыжы з украінскім калегай Аляксеем Рэзнікавым паведаміў, што тэхніку даставяць бліжэйшымі тыднямі.

Hавiны
Байдэн заявіў, што ЗША не будуць перадаваць Украіне амерыканскіх знішчальнікаў F-16
2023.01.31 08:51

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў