Падчас навагодняга звароту Ціханоўскай у Беларусі блакавалі YouTube


Прыкладна за 10 хвілінаў да новага года ў Беларусі перастаў адкрывацца YouTube. Пра гэтую праблему паведамлялі з розных гарадоў краіны, піша Zerkalo.io. Якраз у гэты час на YouTube-канале Святланы Ціханоўскай трансляваўся ейны навагодні зварот.

Зварот Святланы Ціханоўскай
Бэкстэйдж запісу навагодняга звароту Святланы Ціханоўскай. Скрыншот з відэа перададзены Офісам Святланы Ціханоўскай

Паводле чытачоў, YouTube перастаў адкрывацца і праз хатні інтэрнэт, і праз мабільных аператараў А1 і МТС – атрымаць доступ можна было толькі праз VPN.

«Мая мама ў Беларусі не змагла паглядзець звароту Ціханоўскай. Пара маіх сяброў таксама. Кажуць, што YouTube за 5-10 хвілінаў да звароту ўвогуле перастаў ладавацца», – распавёў чытач Zerkalo.io.

У некаторых на дадатак да таго, што не працаваў YouTube, не было магчымасці зайсці і на іншыя сайты, апроч як праз VPN. Паводле тэлеграм-каналу «МотолькоПомоги», таксама назіраліся збоі ў доступе да розных сэрвісаў Google.

YouTube зноў зрабіўся дасяжным без VPN прыкладна а 00:05 – 00:10 1 студзеня.

Паводле «Еўрарадыё», адзін з найбольш папулярных запытаў беларусаў у навагоднюю ноч – «што з ют’юбам».

Hавiны
Навагодні зварот Святланы Ціханоўскай
2024.01.01 00:00

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў