Аб'ектыў 20.12.2016 Адміністрацыя Лукашэнкі абяцала праз 14 дзён даць адказ наконт «Белсату»


«Нам не патрэбная расейская вата, патрабуем уключэнне «Белсата»!», скандавалі сёння пад вокнамі Адміністрацыі прэзідэнта на Карла Маркса 38 у Менску. Сярод удзельнікаў – адзін з кіраўнікоў «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Павал Севярынец, старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і лідар абʼяднання «Альтэрнатыва» Алег Корбан.

«Прынамсі гэтыя ўлады адказныя за тое, што тэлеканалу «Белсат» не даюць акрэдытацыі, і ствараюць розныя перашкоды для яго свабоднай працы ў самой Беларусі», – зазначыў Алег Корбан.

За акцыяй сачылі невядомыя ў цывільным

Пільнавалі сілавікі пад кіраўніцтвам асабіста начальнікаў сталічнай міліцыі ды АМАПу. Пазней зʼявіліся і людзі ўва ўніформе, якія склалі на ўсіх удзельнікаў пікету пратаколы, паводле якіх пасля напэўна чакае штраф. Аднак самыя актывісты лічаць такую ахвяру нязначнай у параўнанні з мэтай акцыі.

«Знішчаецца адзіны беларускамоўны канал, нават дзяржаўныя каналы не транслююць цалкам на роднай мове. Тым больш канал, які паказвае пра рэальныя падзеі ў свеце, і ў самой Беларусі», – кажа ўдзельнік пікету Валер Бычкоўскі.

Пікет працягваўся амаль гадзіну

Пасля працаўнік Адміністрацыі запрасіў Паўла Севярынца разам з іншымі актывістамі ў будынак. Дзе яны перадалі афіцыйны зварот да кіраўніка Беларусі.

«Адключыць вяшчанне на тэрыторыі Беларусі расейскіх прапагандысцкіх каналаў. Які падрываюць незалежнасць Беларусі. А таксама ўключыць у абавязковы тэлевізійны пакет тэлеканал »Белсат«. Гэта значыць даць эфір »Белсату« і зарэгістраваць усіх ягоных карэспандэнтаў. Нам паведамілі, што праз 14 дзён нам будзе афіцыйны адказ», – распавёў Павал Севярынец.

Набірае абароты і падтрыманне «Белсату» ў віртуальнай прасторы

Толькі за адныя содні на платформе «Change.org» пад петыцыяй да прэзідэнта і прэмʼера Польшчы з просьбаю захаваць «Белсат» падпісаліся больш за дзве тысячы чалавек. У сацыяльных сетках зʼяўляецца ўсё больш фота і допісаў з гэштэгам «#белсатжыві». Пасты як з Беларусі, гэтак і з замежжа. Ды нават ад калегаў з украінскага тэлебачання. А днямі словы падтрымання гучалі ад афіцыйных асобаў з польскага боку.

«Мне цяжка паверыць, каб было прынятае рашэнне пра ліквідацыю гэтага праекту (…). Вядома, пацяпленне і нармалізацыя вельмі важныя ў палітыцы ўраду Польшчы, але гэтая палітыка мусіць быць двухвектарная. Варта адначасова падтрымліваць і грамадзянскую супольнасць, рэалізоўваць праекты, якія падтрымаюць дэмакратычныя колы», – выказаўся дэпутат польскага Сэйму Міхал Дворчык.

Рашэнне закрыць «Белсат» – памылка?

У сваю чаргу былы намеснік міністра замежных справаў Польшчы Павэл Коваль, у інтэрвʼю радыё «Рацыя» назваў магчымую пастанову закрыць «Белсат» памылкаю ды заклікаў калі і паляпшаць стасункі з афіцыйным Менскам, то прынамсі не адмаўляцца ад падтрымання незалежных медыяў.

«Гэта памылка – дасылаць такі сігнал беларускаму боку. Гэта нейкі абмен, ціск на польскі бок, каб змяніць медыйную палітыку. Лепш працягваць палітыку ўзаемаразумення з Беларуссю, вырашаць праблемы, але не коштам «Белсату». Мы ўвогуле здзіўленыя, што «Белсат» зрабіўся прадметам нейкага гандлю», – патлумачыў Павэл Коваль.

«Ліквідацыя »Белсату« сыграла б на карысць Лукашэнкі – такія словы гучаць у адмысловай заяве Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. З заклікам пакінуць канал у цяперашнім фармаце да ўладаў Польшчы звярнуліся і сябры Таварыства беларускае мовы. Абяцаюць працягваць публічныя акцыі і прадстаўнікі апазіцыі.

Юрый Салодкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары