Аляксандр Лукашэнка ў 1996 годзе ўвёў у Беларусі адзначэнне Дня маці 14 кастрычніка. Дату звязваюць з праваслаўным святам Пакровы найсвяцейшай Багародзіцы. Параўноўваем віншаванні Лукашэнкі і выбранай прэзідэнткі, а таксама глядзім афіцыйную статыстыку пра маці.
Віншаванне Аляксандра Лукашэнкі – сціплы тэкст ад прэс-службы са стандартнымі фразамі пра «святасць мацярынства як адну з найвышэйшых якасцяў жаноцкасці». У віншаванні беларускім матулям дзякуюць «за чуласць, цярплівасць і клопат пра дабрабыт сям’і і ўтульнасць дамашняга ачага».
Сам Лукашэнка – бацька трох дзяцей. З маці двух з іх, сваёй жонкай Галінай Лукашэнка, ён даўно не жыве разам. Маці трэцяга сына афіцыйна невядомая, але ў медыях лічыцца, што гэта лекарка Ірына Абельская.
Дэмакратычныя сілы падышлі да віншавання крэатыўна. Выбраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская апублікавала не толькі свой уласны зварот – да яе ў звароце далучыліся чальцы ейнага Офісу і Кабінету, а таксама сябры Каардынацыйнай рады.
«Напэўна, вы ніколі не бачылі беларускіх палітыкаў такімі адкрытымі і пяшчотнымі», – гаворыцца ў апісанні відэа.
Ціханоўская казала пра любоў, пяшчоту і цёплыя ўспаміны. Іншыя расказалі пра сваіх матуль: напрыклад, віцэ-спікерка Каардынацыйнай рады Алена Жываглод згадала, як маці пераехала да яе ў Кіеў; сябра КР Аляксандр Крыновіч – як маці падтрымлівала яго амаль пяць гадоў, што ён быў у няволі; дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка – як ездзіў з маці на рыцарскія фэсты і як маці выбіла шкло ў дзвярах ваенкамату, куды яго гвалтам зацягнулі.
Сама Ціханоўская мае двух дзяцей. Іхны бацька Сяргей Ціханоўскі – палітычны зняволены, за кратамі больш за тры гады.
Яшчэ шмат палітвязняў маюць дзяцей на волі: так, сёлета збіралі грошы на дапамогу 228 дзецям палітвязняў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» адзначыў, што цяпер у Беларусі 160 жанчын прызнаныя палітычнымі зняволенымі, яшчэ 430 асуджаныя на «хатнюю хімію» (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову), і ў большасці гэтых жанчын ёсць дзеці.
Нацыянальны статыстычны камітэт часта публікуе падборкі лічбаў з нагоды святаў. У сёлетняй падборцы (PDF) агульную колькасць жанчын, якія нараджалі дзяцей, зноў не назвалі. Але апублікавалі такія лічбы:
Аб гендарных праблемах і няроўнасці ў статыстыцы не згадвалася.
Алесь Наваборскі belsat.eu