Голас Беларусі над блакітным Дунаем: падсумоўваем вынікі трохдзённага форуму «Globsec 2023»


Не паслабляць санкцыі адносна Лукашэнкі, а ўводзіць новыя, каб прымусіць яго выпусціць палітвязняў і прыбраць ядравую зброю. Так, у славацкай Браціславе на міжнародным форуме бяспекі «Globsec 2023» прагучаў голас дэмакратычнай Беларусі. Сярод кіраўнікоў дзяржаваў і арганізацыяў была і Святлана Ціханоўская.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Не будзе перамоваў пра Украіну без Украіны. І не будзе ўзнагароды агрэсара. Гэтак старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен скончыла сваю прамову на форуме «Globsec 2023» у Браціславе, прысвечаную каардынацыі еўрапейскіх дзяржаваў ва ўмовах расейска-ўкраінскай вайны.

«Пуцін хацеў забраць Украіну ў Расею. Ён разлічваў, што Еўразвяз гэта прыме. Замест гэтага Украіна смела абаранялася і цяпер дае Пуціну здачы. А мы ў Еўропе справядліва і няўхільна падтрымліваем Украіну», – падсумавала старшыня Еўракамісіі.

Святлана Ціханоўская ў горадзе над блакітным Дунаем прадстаўляла Беларусь – рэжым Лукашэнкі ў Славаччыну не запрасілі.

Святлана Ціханоўская на форуме GLOBSEC.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Яшчэ адной прадстаўніцай Беларусі была Наталля Пінчук – жонка нобэлеўскага лаўрэата, палітзняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

«Мы цалкам падтрымліваем Украіну, бо ўкраінцы цяпер ваююць не толькі за сваю зямлю, яны ваююць за ўсе дэмакратыі свету. Але не забывайцеся пра Беларусь. Бо вайна не скончыцца, пакуль Беларусь не будзе свабоднай. Беларусы гатовыя біцца. Яны гатовыя скінуць гэты рэжым, але ў адзіночку мы не зможам гэтага зрабіць. Нам трэба падтрымка ўсяго дэмакратычнага свету», – заявіла Святлана Ціханоўская падчас выступу на форуме.

У Браціславе абраная прэзідэнтка Беларусі сустрэлася з міністрам замежных справаў Славаччыны Міраславам Влахаўскім, каб абмеркаваць новыя санкцыі адносна рэжыму Лукашэнкі. Пазіцыя Аб’яднанага пераходнага кабінету, які яна рэпрэзентуе, выразная: паслабленне санкцыяў адносна «Беларуськалію» будзе катастрофай, бо тады рэжым толькі ўзмоцніць рэпрэсіі супраць беларусаў. Перад гэтым Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнткай Славаччыны Зузанай Чапутавай і з міністрам замежных справаў Паўночнай Македоніі, якая цяпер старшынюе ў АБСЕ.

«Таксама было і некалькі закрытых сустрэчаў. Асноўная тэма – палітвязні, якім чынам змусіць Лукашэнку да вызвалення палітвязняў, якія інструменты дадатковага ціску могуць быць задзейнічаныя», – паведаміў старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Адна з галоўных тэмаў сустрэчаў і выступаў Святланы Ціханоўскай у Браціславе – як усім разам прыбраць ядравую зброю з Беларусі, у тым ліку з дапамогай санкцыяў.

«Мы бачым прыкметы паўзучай акупацыі Беларусі Расеяй, бачым, як нелегітымны Лукашэнка прадае Беларусь Крамлю кавалак па кавалку», – падкрэсліла са сцэны Святлана Ціханоўская.

А тым часам рэжым Лукашэнкі шукае дапамогі ў краінах дальняй дугі. Міністр замежных справаў Лукашэнкі Сяргей Алейнік, наведваючы Пакістан, заявіў, што гэта санкцыі парушаюць правы чалавека і мусяць быць у прынцыпе адмененыя па ўсім свеце.

«Беларусь, як і шмат іншых краінаў, абараняе свой суверэнітэт і сутыкаецца з незаконным ціскам санкцыяў. Нашая краіна – аб’ект беспрэцэдэнтных санкцыяў, скіраваных на тое, каб змяніць палітычную сістэму, якую выбраў наш народ, змяніць шлях нашага развіцця і незалежнасць нашай замежнай палітыкі», – скардзіўся Сяргей Алейнік у Ісламабадзе.

Але ў Еўропе Лукашэнку ўсё менш звязваюць з незалежнасцю Беларусі. Наадварот, сёння ў Браціславе прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон падчас выступу адзначыў, што адбываецца паступовая васалізацыя і падпарадкаванне Беларусі Расеяй.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»