Святлана Ціханоўская вяртае Беларусь у павестку дня на міжнародным форуме па бяспецы «Globsec»


У Браціславе з 29 па 31 траўня адбываецца 18-ты форум па бяспецы «Globsec». Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская прыняла ў ім удзел, а таксама правяла шэраг закрытых і адкрытых сустрэчаў на тэму Беларусі. Гэтую падзею ў жывым эфіры «Белсату» каментуе галоўны дарадца прэзідэнткі Франак Вячорка.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Міжнародная канферэнцыя па бяспецы «Globsec Bratislava Forum 2023» адкрылася ў гэты панядзелак, а яе галоўнымі тэмамі сталі: вайна ва Украіне, яе наступствы і ўплыў на сітуацыю ў Еўропе, падтрымка Кіева і развіццё глабальнага дыялогу паміж краінамі.

«У мінулым годзе мы казалі пра тое, што Пуцін можа ўзяць Кіеў за пяць дзён. З таго часу прайшло больш за 400 дзён. У апошнія два дні Кіеў бамбуюць усё болей. Колькасць удараў павялічваецца. Мы абавязаныя зрабіць так, каб тыя папулісты, якія хочуць, каб мы казалі пра нешта іншае, не дасягнулі сваёй мэты. І гэта залежыць ад нас», – заявіла кіраўнічка Еўрапарламенту Рабэрта Метсола.

Беларускі ж блок, па словах дарадцы Святланы Ціханоўскай Франака Вячоркі, быў прысвечаны абмеркаванню пытанняў размяшчэння ядравай зброі на тэрыторыі нашай краіны, катавання палітвязняў, а таксама сувязям паміж Беларуссю і Украінай, «бо змены ў Беларусі павінныя дапамагчы і Украіне».

«Візіт Святланы Ціханоўскай у Кіеў залежыць ад кіеўскай улады. Яны ведаюць, што з нашага боку такая гатовасць ёсць. Пры гэтым мы прапанавалі супрацу ў пяці кірунках: інфармацыйнае ўзаемадзеянне, палітычнае ўзаемадзеянне на міжнароднай арэне, супраца з грамадскімі арганізацыямі, узмацненне двухбаковай працы экспертнай супольнасці і маем шэраг прапановаў і шэраг канкрэтных праектаў, запланаваныя на гэты год і сустрэчы ў Вярхоўнай Радзе. Але не ўсё адразу, бо цяпер Украіна рыхтуецца да контрнаступу. А мы не можам даць болей, чым ужо даюць беларускія добраахвотнікі».

Франак Вячорка сцвярджае, што супраца з нашымі ваярамі з Палка Кастуся Каліноўскага і дапамога ім з боку Офісу Святланы Ціханоўскай ідзе пастаянная, але яе прыкладаў не называе, спасылаючыся на тое, што «калі ваяры самі палічаць патрэбным, распавядуць пра гэтую дапамогу».

Святлана Ціханоўская на форуме GLOBSEC.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Што ж датычна вызвалення палітвязняў – яшчэ адна тэма візіту ў Славакію абранай прэзідэнткі Беларусі – дарадца Святланы Ціханоўскай тлумачыць:

«Калі глядзець у гісторыю, што вызваляла палітычных вязняў? Гэта была вуліца (напрыклад, у 20-ым годзе, калі былі гучныя пратэсты ў Берасці, Горадні, хутка павызвалялі ўсіх) і другое – гэта ціск (2007-2008 гады, калі палітвязняў адпусцілі пад пагрозай увядзення санкцыяў). Зараз, магчыма, ціску не дастаткова, вуліцу задушылі […] І гэта таксама аргумент для нашых заходніх партнёраў: калі вы не ўводзіце санкцыяў, калі вы не павялічваеце палітычнае хістанне, рэжым пачынае лютаваць яшчэ болей».

На думку Франака Вячоркі, лукашэнкаўскі рэжым разумее толькі сілу. Але апошнія сур’ёзныя санкцыі супраць Беларусі ўводзіліся ажно ўвосень 2021-га году перад пачаткам вайны, пасля ж «мы бачылі толькі невялікія і нязначныя санкцыі – у 2022-ім». Палітычны дзеяч нагадвае між тым, што рэпрэсіі супраць беларусаў у сярэдзіне мінулага году ўзмацніліся, а таксама з красавіка 2023-га пачаўся асобны ціск на палітычных дзеячаў, якія цяпер знаходзяцца за кратамі. Таму ў дадзеных абставінах, калі галоўны фокус цяпер на тым, што адбываецца ва Украіне, а Беларусь адышла на другі план, трэба працягваць нагадваць пра неабходнасць у выпрацоўцы новых санкцыяў супраць рэжыму:

«Калі ядравая зброя будзе размешчаная, калі вызвалення палітвязняў не адбудзецца, трэба быць гатовымі іх прымяняць», – упэўнены дарадца абранай прэзідэнткі.

Святлана Ціханоўская і Буяр Асмані.
Фота: Офіс Ціханоўскай

«Globsec Bratislava Forum 2023» зʼяўляецца адной з найбольш значных міжнародных канферэнцый па бяспецы ў Еўропе, галоўная мэта якой – умацаванне супрацоўніцтва паміж краінамі і садзейнічанне сусветнай супольнасці ў вырашэнні палітычных і эканамічных пытанняў. У форуме гэтага году прымае ўдзел 1 300 чалавек з 63 краінаў, з якіх 160 вылучаныя як выступоўцы.

Марыя Голдстэйн, belsat.eu

Стужка навінаў