Ціханоўская на GLOBSEC заклікала Захад мець стратэгію адносна Беларусі


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская выступіла на форуме GLOBSEC у Братыславе (Славаччына). У сваім выступе Ціханоўская заклікала міжнародную супольнасць да рашучасці ў адстойванні дэмакратычных каштоўнасцяў, падтрымання Беларусі і Украіны. Пра гэта паведамілі ў Офісе палітыка.

Святлана Ціханоўская на форуме GLOBSEC.
Фота: Офіс Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская адзначыла, што Украіна не толькі ваюе за сваю тэрыторыю, але за каштоўнасці, якія падзяляюць усе дэмакратычныя краіны. Паводле яе, міжнародная супольнасць павінна мець стратэгію адносна Беларусі, каб выцягнуць яе з залежнасці ад Крамля і дапамагчы дэмакратычным сілам вярнуць краіну да дэмакратыі. Яна заклікала рыхтавацца да новага акна магчымасцяў, калі яно адкрыецца, бо поспехі Украіны аслабяць рэжымы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі і даюць шанец на змены для беларусаў. Ціханоўская заклікала не пакідаць Беларусь на потым.

Ціханоўская адзначыла важнасць падтрымання незалежных медыяў, адкрыцця беларускіх службаў BBC, Deutsche Welle і іншых. Паводле яе, незалежныя медыі дапамагаюць беларусам унутры краіны даведацца праўду, нягледзячы на спробы рэжыму ізаляваць грамадства. Таксама яна распавяла пра неабходнасць супрацы з буйнымі тэхналагічнымі кампаніямі і адзначыла пазітыўны досвед супрацы з Google.

Максімальна жорсткі адказ на ядравую зброю

Таксама абраная прэзідэнтка правяла сустрэчу з міністрам замежных справаў Паўночнай Македоніі, якая старшынюе цяпер у АБСЕ. Ціханоўская і Буяр Асмані абмеркавалі крызіс, у якім аказалася АБСЕ, пасля таго, як рэжымы Лукашэнкі і Расеі заблакавалі старшынёўства Эстоніі ў арганізацыі. Таксама яны абмеркавалі справаздачу Маскоўскага механізму і крокі для яго імплементацыі, супольныя дзеянні краін АБСЕ на выпадак розных сцэнароў развіцця крызісу ў Беларусі. Ціханоўская прапанавала разгледзець іншыя механізмы АБСЕ, якія б дапамаглі ў развязанні беларускага пытання.

Святлана Ціханоўская і Буяр Асмані.
Фота: Офіс Ціханоўскай

Палітык заклікала актывізаваць працу АБСЕ для Беларусі, у тым ліку БДІПЧ, у кірунку вызвалення палітвязняў і маніторынгу палітычна матываваных судовых працэсаў.

Асобную ўвагу суразмоўцы прысвяцілі размяшчэнню ядравай зброі Расеі і знаходжанню расейскіх войскаў на беларускай тэрыторыі. Ціханоўская адзначыла, што ўсе расейскія войскі павінныя быць выведзеныя з Беларусі, а міжнародная супольнасць мусіць падрыхтаваць максімальна жорсткую рэакцыю на спробы размяшчэння ядравай зброі.

Каментар
«Пабачаць залу суда знутры». Амбасадар ЗША пра адказнасць рэжыму за рэпрэсіі і вайну
2023.05.11 20:32

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў