З чаго пачыналіся Курапаты


Дыпламаты краінаў Еўразвязу, а таксама Швейцарыі і Вялікай Брытаніі напярэдадні свята «Дзяды» наведалі ўрочышча Курапаты. Месца памяці і нацыянальнага болю. Але там дыпламатаў зноў сустрэў хаўрус прапагандыстаў Лукашэнкі з абразлівым хамствам. Беларусу ж, як і падчас першай масавай акцыі ў Курапатах роўна 35 гадоў таму, пагражае брутальнае затрыманне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вандалізм у Курапатах не спыняецца, нацыянальны некропаль працягваюць апаганьваць, – наракае вядомы палітычны актывіст Вячаслаў Сіўчык. Частку курапацкіх крыжоў знеслі, а частка – папросту згніла. На магілах з’яўляюцца абразлівыя надпісы і смецце.

«Сённяшнія ўлады ёсць спадкаемцамі тых катаў і забойцаў беларускага народу, – канстатуе Вячаслаў Сіўчык. – Пры іх, натуральна, масавыя мерапрыемствы немагчымыя».

Упершыню шырокаму колу грамадства стала вядома пра масавыя расстрэлы беларусаў органамі НКУС у Курапатах летам 1988 года. У газеце «Літаратура і мастацтва» выйшаў артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога смерці».

Шакаваныя праўдай беларусы выйшлі на першы масавы мітынг-рэквіем 30 кастрычніка. Тысячы чалавек рушылі ад менскіх Усходніх могілкаў да ўрочышча Курапаты. Тое шэсце жорстка разагналі каля 600 міліцыянтаў, узброеных гумовымі дубінкамі і газам «чаромха». Затрымалі 72 асобы. Дзеянні сілавікоў ударылі па аўтарытэце камуністычнай улады.

«Яе арганізавалі так званыя нефармалы. То бок, арганізацыі, не створаныя ўладамі, непадкантрольныя ўрадам, – тлумачыць палітычны аглядальнік Радыё Свабода. – Гэта было ўпершыню ў Беларусі. І таму выклікала такую рэакцыю: як гэта можна?»

А Вячаслаў Сіўчык сцвярджае: гэта была вельмі патрэбная акцыя, якая прабудзіла самасвядомасць у шмат каго з Беларусаў.

«І тады Дзяды. Нягледзячы на рэпрэсіі ўладаў, нягледзячы на іхнае дзікунства, рэальна дапамаглі беларусам зразумець, у якой краіне яны жывуць».

Дыпламаты еўрапейскіх краінаў наведалі Курапаты. 30 кастрычніка 2023 года.
Фота: European Union in Belarus / Facebook

У незалежнай Беларусі стаўленне да шанавання памяці расстраляных у Курапатах не змянілася. Лічаныя акцыі ва ўрочышчы праходзілі без затрыманняў. Курапаты хоць афіцыйна і прызнаныя гісторыка-культурнай каштоўнасцю І катэгорыі, ніяк уладамі не абараняюцца. На пачатку двухтысячных гадоў скрозь Курапаты праклалі аўтамабільную дарогу, а ў 2018 у ахоўнай зоне мемарыялу пабудавалі рэстаран. Палітолаг Анатоль Котаў знайшоў гэткаму блюзнерству лагічнае тлумачэнне.

«Пакуль не будуць да адказнасці прыведзеныя тыя, хто тварылі рэпрэсіі ў дваццатых, трыццатых, у дзевяностых гадах мінулага стагоддзя, шанцаў пабудаваць нейкі сурʼёзны падмурак для беларускай дзяржавы проста не будзе».

Паводле звестак з розных крыніцаў, агулам у Курапатах супрацоўнікі НКУС расстралялі ад 30 000 да 250 000 асобаў, пераважна – беларусаў.

Кажуць, вайна не скончаная, пакуль не пахаваны хоць адзін забіты салдат. Вайна дыктатарскага рэжыму супраць «Курапатаў» таксама далёкая да завяршэння.

Марына Яновіч, «Белсат»