Габрэйскія пагромы адбыліся ў Махачкале


9 паліцыянтаў пацярпелі. Затрыманыя 60 удзельнікаў пагромаў. Гэтак праваахоўныя органы Дагестану падсумавалі вынікі пагромаў у аэрапорце Махачкалы. Кіраўнік дагестанскага ўраду заклікаў жыхароў вярнуцца да «духоўна-маральных каштоўнасцяў».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Цяпер лезці ў такую міжнародную палітыку – гэта не нашая прэрагатыва. Для гэтага ёсць федэральныя органы выканаўчай улады, якія гэтым займаюцца. Галоўную палітыку ў гэтым напрамку вядзе прэзідэнт Расейскай федэрацыі Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін. Ён сваё стаўленне да гэтага ўжо казаў, шаноўныя сябры. І неаднаразова. Таму мы прытрымліваемся палітыкі прэзідэнта Расейскай федэрацыі», – заявіў кіраўнік урада Дагестана Абдулмуслім Абдулмуслімаў.

Антысемісцкія лозунгі ды закалоты. Гэтак у аэрапорце Махачкалы ўвечары 29 кастрычніка сустракалі рэйс з Тэль-Авіва. Беспарадкі пачаліся пасля таго, як мясцовыя жыхары пабачылі ў пабліках інфармацыю аб нібы прыёме Дагестанам уцекачоў з Ізраілю. Што выклікала такую нецярпімасць?

«Вельмі моцная эмацыйная рэакцыя мусульман ва ўсім свеце на тое, што адбываецца ў Палестыне. Гэта першае. Другое – гэта нейкая агульная генеральная лінія. Калі людзі адчулі, што гэта магчыма. Па-трэцяе, тое, што ў цэлым рэлігійныя дзеячы, грамадскія лідары апошнім часам гэтую тэму дастаткова моцна абмяркоўвалі ў публічнай прасторы. Эмацыйна яшчэ больш яе напампоўвалі», – мяркуе экспертка па Паўночным Каўказе Кацярына Сакірянская.

У выніку сітуацыю ўзялі пад кантроль сілавікі. Паводле Дзмітрыя Пяскова, прэс-сакратара прэзідэнта Расеі, Уладзімір Пуцін і ўчора, і сёння атрымоўваў інфармацыю аб сітуацыі ў Дагестане ад ФСБ і «Росгвардыі». Сам жа Пяскоў хоць і абстрактна, але знайшоў вінаватых у габрэйскіх пагромах:

«Добра вядома і відавочна, што ўчорашнія падзеі вакол аэрапорту Махачкалы з’яўляюцца шмат у чым вынікам умяшання з вонку. Уключаючы інфармацыйнае ўздзеянне з вонку».

Пошук габрэяў у турбіне самалёта
Удзельнік пагрому аэрапорту падчас «шукання габрэяў» зазірае ў турбіну самалёта. Махачкала, Расея. 29 кастрычніка 2023 года.
Фота: Sota / Telegram

А вось кіраўнік Дагестану Сяргей Мелікаў быў больш канкрэтным. Чыноўнік усклаў адказнасць за арганізацыю закалотаў у аэрапорце Махачкалы на Украіну. Паводле Мелікава, ва ўсім вінаватыя «здраднікі і бандэраўцы», якія адмініструюць тэлеграм-канал «Утро Дагестана», дзе, як і ў іншых пабліках, былі паведамленні аб «уцекачах з Ізраілю».

«З 2012 года ў Расеі актыўна раздзімаецца гісторыя, што мы б жылі добра, але нам усё перашкаджаюць. Амерыканцы, англасаксы, масоны, сіяністы, бандэраўцы потым сталі. NATO. Усё ім замінае. І людзі актыўна гэта спажываюць. Гэта значыць, што значна прасцей перакласці віну на кагосьці іншага. І тут вось гэты Меліхаў не прыдумаў нічога лепшага, чым перакласці віну адразу ж на ўкраінцаў», – кажа экс-працаўнік СБУ, вайсковы эксперт Іван Ступак.

Палітолаг і выкладчык Карлавага ўніверсітэту Аляксандр Марозаў звяртае ўвагу, што пагромшчыкі не хавалі сваіх твараў, а дзейнічалі адкрыта. Быццам ведаючы, што ім за гэта нічога не будзе. Паводле эксперта, гэта сведчыць пра тое, што акцыя ў аэрапорце Махачкалы была кімсьці старанна спланаваная:

«Насамрэч цалкам выразна мы бачым якая гэта антысеміцкая, антыізраільская акцыя. І яна, як мне здаецца, запушчана, для таго, каб сарваць стоп-кран у мусульманскіх абшчын у розных краінах. І на Блізкім Усходзе. І ў Еўропе».

А на гэтых кадрах – леташняя акцыя пратэсту ў Дагестане супраць мабілізацыі ды вайны ва Украіне. Паліцыянты збіваюць мясцовых жанчын, а мужчыны проста назіраюць за тым, што адбываецца, збоку. Чаму тыя пратэсты і ўчорашні бунт такія розныя ў сваёй прыродзе?

«Жанчына ў паўночнакаўказскім грамадстве нічога не значыць. А рэлігія на першым месцы. Вось браты мусульмане, іншала, Алаху Акбар – яны ж усё гэта крычалі, бегалі з палестынскімі сцягамі. Супраць Ізраілю выступіць? Так! Супраць габрэяў? Так! Супраць вайны? Не! Ну і што, што забіваюць украінцаў? Вось калі б забівалі арабаў тады так, а так – гэта іншае», – кажа Іван Ступак.

Аэрапорт у Махачкале аднавіў працу праз 12 гадзінаў пасля беспарадкаў. У Крамлі ж заявілі, што Уладзімір Пуцін правядзе «вялікую нараду», каб абмеркаваць спробы Захаду выкарыстоўваць падзеі на Блізкім Усходзе для расколу расейскага грамадства.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»