У Беларусь надыходзіць каляндарная зіма


Беларусь працягвае завальваць снегам. На сённяшні дзень сіноптыкі спрагназавалі па краіне аранжавы ўзровень небяспекі праз завіруху – і не памыліліся. У Міністэрстве надзвычайных сітуацыяў вынеслі папярэджанне ў сувязі са складанымі ўмовамі надвор’я. Камунальнікі, у сваю чаргу, вывелі на вуліцы вялікую колькасць снегаўборачнай тэхнікі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Нашую краіну накрыў моцны снегапад. Для кагосьці – зімовая казка, а шмат каму – сурʼёзныя праблемы. Толькі ў Менску з нечаканым прыходам зімы змагаюцца паўтары сотні адзінак тэхнікі і амаль дзве тысячы камунальнікаў. Праспект Незалежнасці чысцяць нават некалькі разоў на дзень.

Не адстаюць камунальнікі і ў раённых цэнтрах – пра іхную шпаркую працу гавораць у сацыяльных сетках жыхары Пухавіцкага раёну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Снегапад у Беларусі. 11 снежня 2022 года.
Фота: БелТА / belta.by

ДАІ ўвяла адмысловы план «Надвор’е» і параіла кіроўцам быць надзвычай асцярожнымі на дарогах. Папярэджваюць не без прычынаў. Моцны вецер перакуліў грузавік з соллю на дарозе з Салігорску ў Фаніпаль. У Віцебску, перабягаючы дарогу на чырвонае святло, дзесяцігадовую школьніцу спачатку збіла «Аўдзі», пасля дзіця адкінула проста пад колы «Фольксваґену». У выніку ДТЗ дзяўчынку шпіталізавалі, ейнаму жыццю нічога не пагражае. У цэнтры Менску «БМВ» збіла кветкавы вазон каля ўваходу ў буцік на вуліцы Кірава і наехала на шкляныя дзверы.

Непагадзь замінала нават урачыстаму адлёту Лукашэнкі ў Дубай. Даехаў ён да лётнішча без аварыяў, але на ўзлётнай паласе ў завірусе яго праводзіў толькі самотны лётчык.

З надыходам зімы ўсё часцей можна назіраць лясных прыгажуноў, якія выходзяць з лесу паласавацца соллю і трапляюць на праезную частку. Добра, калі сустрэчы жывёлінаў з аўтамабілістамі застаюцца бяскрыўднымі. У Верхнядзвінскім раёне дзяўчына-кіроўца нават пакарміла аленя моркваю.

Павел Алейнікаў, «Белсат»