Беларусаў атакуюць махляры


У Беларусі стала на чвэрць болей злачынстваў, звязаных з махлярствам, калі параўноўваць першае паўгоддзе гэтага года з адпаведным леташнім перыядам. Асабліва часта беларусаў сталі падманваць праз тэлефон – пад выглядам сілавікоў або працаўнікоў банку выпытваюць у чалавека звесткі, каб скрасці грошы з рахунку. Чаму сілавікі не могуць спыніць махляроў і як не даць сябе падмануць?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Менская бухгалтарка перавяла махлярам 150 000 рублёў. Нехта спрабуе ўзяць на ейнае імя крэдыт – сказалі ёй праз тэлефон нібыта міліцыянты. Каб дапамагчы злавіць злодзеяў, ахвяра ўзяла пазыку і перавяла грошы на нумар, які назвалі псеўдасілавікі.

З тэлефоннымі махлярамі сутыкалася большасць гледачоў ці чытачоў «Белсату» – паказала апытанне ў сацсетках. Часам іншыя людзі паспяваюць перасцерагчы ахвяру ад пераводу грошай. Напрыклад, калі даведваюцца, навошта яна бярэ крэдыт.

Схемы махляроў розныя: тэлефануюць ад імя службы бяспекі банку ці кажуць, што вы выйгралі прыз і трэба аплаціць дастаўку. Называюцца падатковаю і выцягваюць асабістыя звесткі ці, як у выпадку з бухгалтаркаю, сілавікамі. Пры гэтым нумар, з якога тэлефануюць, часта не беларускі. Махляры дамагаюцца, каб чалавек атрымаў ад банку код для ўваходу ў інтэрнэт-банкінг.

«Махляры падводзяць да таго, што на ягоны нумар прыходзіць СМС з паролем, які трэба прадыктаваць нібыта працаўніку банку», – кажа прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pexels / Pixabay

Далей злачынцы заходзяць у інтэрнэт-банкінг ахвяры і выводзяць грошы.

Часам махляры пад выглядам аперацыі сілавікоў прымушаюць абакрадзеных паліць аўтамабілі – прыватныя ці міліцэйскія. За што ахвярам пагражае тэрмін.

Сёлета за першае паўгоддзе асудзілі за махлярства на чвэрць болей людзей, чым за такі самы час летась. Але сілавікі, падобна, не могуць спыніць гэтай хвалі.

«Тэхнічных здольнасцяў, аналітычных здольнасцяў у гэтак званых праваахоўных органаў у Беларусі няма. А галоўнае – няма жадання займацца раскрыццём падобных злачынстваў. Гэта досыць марудная справа, бо ўсе сляды зазвычай вядуць у Расейскую Федэрацыю», – кажа Уладзімір Жыгар.

Людзі паддаюцца на хітрыкі махляроў праз агульную атмасферу страху ў Беларусі, мяркуе псіхолаг Ала Марціновіч.

«Людзі і без таго запалоханыя, і калі ім тэлефануюць быццам бы з міліцыі або з банку, то ў чалавека ад стрэсу адключаецца крытычнае мысленне», – кажа псіхолаг.

Не даваць асабістых звестак, пароляў, рэквізітаў банкаўскай карты, не ўсталёўваць на гаджэты дадаткі ад невядомых асобаў. А лепей, раяць спецыялісты, увогуле не весці размоваў з імавернымі махлярамі.

Валянцін Васіленка, «Белсат»