Беларусаў атакуюць тэлефонныя ашуканцы


Беларусы ўсё часцей і часцей трапляюць у пасткі тэлефонных і інтэрнэт-ашуканцаў. Міліцыя не дае рады і спрабуе ва ўсім абвінаваціць Украіну і так званых заходніх куратараў. Якія схемы выкарыстоўваюць ашуканцы і як не трапіць у пастку?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Невядомыя праз сацыяльныя сеткі паведамілі жыхару Вілейкі, што нібыта нехта хоча ўзяць крэдыт на ягонае імя. І каб пасля не плаціць за махляроў, прапануюць аформіць крэдыт для датэрміновага пагашэння, перавёўшы адпаведную суму на ўмоўны страхавы рахунак. У такую ж самую пастку трапіла і жыхарка Менску.

«Яны папрасілі ўсталяваць праграму, назвалі праграму і пасля праз гэтую праграму ўключалі нейкага робата. Онлайн яны ўсё самі афармлялі. Увесь час яны былі на сувязі», – распавяла міліцыянтам пацярпелая ад тэлефоннага махлярства.

Калі жанчына выканала ўсе патрабаванні, яна страціла амаль трыццаць тысяч рублёў. Сувязь паміж пацярпелай і махлярамі адбывалася праз «Вайбэр» і «Тэлеграм».

«Кажуць, што ўжо ідзе спісанне грошай, у гэты ж час прыходзіць СМС з шасцізначным нумарам, чалавек дыктуе гэты нумар, пасля прыходзіць яшчэ СМС, чалавек дыктуе – і ў яго спісваюцца грошы», – простую схему падману тлумачыць прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Махляры могуць дзеяць нават ад імя Нацыянальнага банку або Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Каб выманіць персанальныя дадзеныя беларусаў, невядомыя падрабляюць дакументы і ствараюць фэйкавыя вакансіі.

«Калі да вас трапіў такі званок, не адказвайце, а калі ўсё ж сталі ўдзельнікам размовы, спыніце стасункі, заблакуйце гэты нумар і звярніцеся ў міліцыю», – папярэджвае намеснік начальніка ГУКВ МУС Дзмітрый Бурдзюк.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pexels / Pixabay

Сёлета толькі ў жыхароў Віцебшчыны ашуканцы выманілі паўтара мільёна рублёў. Паводле МУС, раскрыццё такіх справаў – складаны працэс. На апраўданне невысокай раскрывальнасці органы вынайшлі арыгінальнае апраўданне:

«Украінскія злачынцы, вядомыя сваімі заходнімі куратарамі, намагаюцца такім чынам расхістаць маральныя і палітычныя ўстоі нашых беларусаў», – гэтае ў эфіры тэлеканалу «СТВ» паведаміў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Беларусі Сяргей Кабаковіч.

Махляры зазвычай і праўда застаюцца за межамі Беларусі, што ўскладняе іхны вышук. Яны маюць сімку, не прывязаную да асобы, і выкарыстоўваюць чужыя банкаўскія рахункі, каб стварыць доўгі і заблытаны ланцужок пераводаў.

«Ніякія заходнія куратары за гэтым не стаяць. І я сам быў аператыўнікам і вёў лінію махлярства. І, як правіла, усе сляды вялі ў Расею. Дабіцца там праўды было проста немагчыма», – лічыць прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Паводле псіхолага Алы Марціновіч, лягчэй за ўсё ў пастку ашуканцаў трапляюць пенсіянеры, самотныя людзі і тыя, хто абсалютна давярае ўладзе. Бо яны пужаюцца і не могуць абараніцца перад махляром. І гэта пацвярджае пацярпелая ад тэлефоннага махлярства:

«Я здавалася б, разумею, што мне плаціць крэдыты, але яны так упэўніваюць, маўляў, нам вашыя грошы не патрэбныя. Калі яны звоняць, ты не хочаш браць слухаўкі, але бярэш аўтаматычна. Цябе проста трасе, але ты робіш тое, што яны кажуць».

У такой стрэсавай сітуацыі псіхолаг Ала Марціновіч раіць не прымаць імгненных рашэнняў:

«Трэба супакоіцца і не даваць ніякага адказу, праз 2-3 хвіліны трэба паразважаць і абавязкова пачаць задаваць пытанні. Другое правіла – ты мусіш кіраваць сваім жыццём, а не жыццё кіраваць табой».

Таму, каб не стаць ахвяраю, варта запомніць некалькі правілаў: не пераходзіць на падазроныя спасылкі, не перадаваць персанальных дадзеных і не афармляць крэдытаў праз тэлефон. Працаўнікі банкаў не звязваюцца з кліентамі праз мэсэнджары і тым больш – з замежных нумароў.

Аліна Скрабунова, «Белсат»