Швецыя адмовіла ў прытулку беларускай прафсаюзнай актывістцы


Актывістцы страйкаму МАЗу адмовілі ў палітычным прытулку – паведамляе выданне «Зеркало». Супраць Алы Цвірко ў Беларусі распачалі крымінальную справу. Але жанчына вымушаная пакінуць не толькі Швецыю, але і Шэнґенскую зону. Шведскія ўлады прапанавалі купіць ёй квіток на самалёт у Расею.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Адмова ў палітычным прытулку і дэпартацыя. Часу – да 9-га кастрычніка. Вярхоўны Суд Швецыі не змяніў ранейшага рашэння міграцыйнай службы. Паводле яго, беларуска Ала Цвірко мае пакінуць краіну. Ала – удзельніца страйку на Менскім аўтамабільным заводзе ў 2020-м годзе і актывістка Свабоднага прафсаюзу металістаў. За гэта ў Беларусі жанчыну чакае крымінальны пераслед па ўжо распачатай справе.

«Справа паказвае абсалютную некампетэнтнасць шведскага міграцыйнага агенцтва. Трэба сказаць, што ў Швецыі міграцыйнае агенцтва з’яўляецца палітычна незалежным. Урад не можа даваць інструкцыі па канкрэтным выпадкам. Выглядае так, што гэтае міграцыйнае агенцтва не мае дастатковай інфармацыі па сітуацыі ў Беларусі», – кажа прадстаўнік Народнай амбасады ў Швецыі Зміцер Васэрман.

Паводле Алы Цвірко, яе справу разглядаў шэраг інстанцыяў. Першай адмовіла міграцыйная служба, потым – міграцыйны суд, а за ім – і Вярхоўны Суд. Магчымасцяў для апеляцыі засталося няшмат. Паводле адваката Алеся Міхалевіча, галоўных дзве:

«Пасля таго, як прайграная справа ў Вярхоўным Судзе і паўстае рэальная верагоднасць выдалення з краіны, застаецца толькі два механізмы: Еўрапейскі суд па правах чалавека з 39-м правілам (так званая хуткая мера, калі звяртаюцца ў суд, і ён на працягу аднаго дня вырашае, ці можна выдаліць чалавека, ці нельга). Ёсць яшчэ адзін механізм – гэта Камітэт ААН па правах чалавека».

26 верасня яшчэ адзін уцякач з Беларусі, кубінец Рабэрта Касануэва, якога дэпартавалі за ўдзел у пратэстах 2020-га года, выйграў суд супраць Дэпартаменту міграцыі Літвы. Ён упэўнены, што беларусы мусяць змагацца за свае правы і за мяжой, іншага выйсця няма:

«Законы тут працуюць. Але для таго, каб табе дапамаглі, трэба сабрацца і данесці свой пункт гледжання адносна тых фактараў, якія яны недастаткова разумеюць».

Паводле народнай амбасады ў Швецыі, мясцовая міграцыйная служба ў 2022-м годзе прыняла 141 рашэнне ў дачыненні беларускіх уцекачоў. Станоўчымі былі толькі 3. У студзені гэтага года міністарка ў справах міграцыі Швецыі Марыя Мальмер Стэнергард выступіла з наступнай заявай:

«Мы павінныя пакласці канец абсурду прасоўвання Швецыі за мяжой, як краіны са шматлікімі перавагамі, – гэта спрыяе міграцыі ў нашую краіну. Швецыя ад гэтага моманту не будзе выконваць больш, чым патрабуе еўрапейскае і міжнароднае заканадаўства».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі пашпарт і часовы від на жыхарства у Літве. Вільня, Літва. 27 верасня 2023 года.
Фота: Белсат

Адвакат Алесь Міхалевіч мяркуе, што ў Швецыі сучасныя палітычныя тэндэнцыі моцна ўплываюць на рашэнні міграцыйнага агенцтва:

«Няма чагосьці такога, як добрае стаўленне да беларускіх бежанцаў і дрэннае стаўленне да самалійскіх бежанцаў. Трэба памятаць, што ў Швецыі “правыя” набіраюць папулярнасць, і пытанне бежанцаў для іх – адное з асноўных. Ідзе палітычная гонка, ціск на міграцыйнае агенцтва, каб яны прымалі як мага менш станоўчых рашэнняў па справах бежанцаў».

Народная амбасада ў Швецыі намагаецца спрыяць станоўчаму развязанню справы Алы Цвірко. Паводле яе прадстаўніка Зміцера Васэрмана:

«Тое, што мы можам рабіць, – гэта працаваць з грамадзянскім меркаваннем, каб агенцтва перагледзела свае рашэнне. Мы будзем спрабаваць гэта рабіць, нам хацелася б, каб агенцтва пераглядзела ўвогуле ўсе беларускія справы».

Юрыст Алесь Міхалевіч пагаджаецца з тым, што галоўная зброя ў руках беларусаў – інфармацыя. На ягоную думку, беларусы і беларускія дэмакратычныя сілы недапрацоўваюць, даносячы звесткі да патрэбных інстытуцыяў.

Аляксандр Асколаў, «Белсат»