Z-імпрэзы і дапамога Данбасу: як рэжым Лукашэнкі паказвае прыхільнасць «русскому миру»


Песні пра расейскіх афіцэраў пад трыкалорам з літарай Z. Такая атмасфера панавала на канцэрце з гучнай назваю «Сваіх не кідаем», што арганізаваў Свята-Елісавецінскі манастыр у Менску да Дня абаронцы Айчыны. Падчас імпрэзы згадвалі дапамогу беларусаў Данбасу. Пра гэта казаў дарадца амбасады Расеі ў Беларусі Сяргей Афонін: «Дзякуй Богу, людзі пачынаюць бачыць, што па гэтай вытаптанай сцежцы трэба ісці. Але хто гэтую сцежку пратаптаў? Хто першым вырашыў пайсці супраць мэйнстрыму, супраць цішыні, замоўчвання праблемы? Гэта былі людзі са Свята-Елісавецінскага манастыра».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Свята-Елісавецінскі манастыр адкрыта падтрымлівае расейскую агрэсію ва Украіне, рэгулярна збірае ахвяраванні і дасылае дапамогу на акупаваны Данбас. Манашкі падкрэсліваюць, што дапамагаюць выключна мірнаму насельніцтву акупаваных рэгіёнаў. Але толькі летась манастыр цалкам ці часткова аплаціў адзінаццаць аўтамабіляў для расейцаў на фронце. Такую дапамогу публічна ўхваліў Лукашэнка.

Дапамогай акупаваным тэрыторыям актыўна займаецца паралімпіец і заснавальнік дабрачыннага фонду Аляксей Талай. Яго падтрымлівае старшыня Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў. Абодва трапілі ў 13-ты пакет санкцыяў Еўразвязу супраць Крамля – за ўдзел у дэпартацыі дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны.

Гуманітарную дапамогу для жыхароў гэтак званых ДНР і ЛНР збіраюць таксама лукашэнкаўскія прафсаюзы і студэнты некаторых універсітэтаў. Наўрад ці ўсе яны ахвяруюць час і грошы ў добраахвотна-прымусовым парадку.

«Расейская прапаганда – яе вельмі шмат. Беларуская прапаганда гэтыя наратывы паўтарае. І людзі, якія застаюцца пад уплывам гэтай прапаганды, гатовыя нешта ахвяраваць, – яны, безумоўна, ёсць. Але тое, што такія кампаніі ўвогуле адбываюцца, канечне, кажа, што гэта мінімум санкцыянавана рэжымам», – адзначыў гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Збор сродкаў у дапамогу расейскім вайскоўцам у Свята-Елісавецінскім манастыры.
Фота: «Хрысціянская візія» / Telegram / christianvision

Шчаслівыя людзі пазуюць на фоне скрынак з гуманітарнай дапамогай. Падобныя справаздачы публікуе той жа Фонд Талая і іншыя прарасейскія рэсурсы. Хаця ў сеціве можна знайсці і іншыя прыклады, адзначыў былы старшыня Луганскай вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай:

«Людзі стаяць за пашкоджанымі ўпакоўкамі гуманітарных грузаў, дзесьці падгніўшай ужо бульбай ці чымсьці такім. Яны б’юцца ў гэтых чэргах, таму што гэта на мяжы выжывання. Плюс ёсць яшчэ такі момант, што ўсё гэта выдаецца людзям з расейскім пашпартам».

Аднак дапамагаючы гэтак званым ДНР і ЛНР, рэжым Лукашэнкі чакае зусім не ўдзячнасці ад мясцовых жыхароў. Галоўнае – выклікаць пазітыўную рэакцыю ў Крамлі і пры гэтым – не ўступаць у канфлікт, мяркуе Аляксандр Фрыдман:

«З боку рэжыму Лукашэнкі – такая магчымасць прадэманстраваць лаяльнасць, а для тых людзей, якія гэтым займаюцца, маю на ўвазе розныя фонды або камерцыйныя структуры, для іх шанец выйсці ў расейскую прастору і атрымаць нейкія прэферэнцыі ўжо там».

Сваю прыхільнасць «русскому миру» дэманструюць і прапагандысты. Ксенія Лебедзева, Грыгорый Азаронак, якія неаднаразова наведвалі акупаваныя тэрыторыі Украіны, днямі выступілі ў Менску на імпрэзе «Данбас у нашым сэрцы».

Ірына Юр’ева, «Белсат»