Як рэжым Лукашэнкі нажываецца на сваіх апанентах?


Больш як 70 тысяч рублёў атрымаў рэжым Лукашэнкі з продажу толькі двух гадзіннікаў Віктара Бабарыкі. А колькі яшчэ спосабаў вынайшла сістэма, каб узбагаціцца коштам сваіх апанентаў: арышты, канфіскацыя, штрафы, амаль што бясплатная праца палітвязняў у калоніях, так званыя добраахвотныя ахвяраванні на рахункі дзяржаўных арганізацыяў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

З малатка прададзеныя дзве мадэлі гадзіннікаў, якія належалі Віктару Бабарыку. Першапачатковы кошт лотаў складаў 31 520 і 38 000 рублёў. Гадзіннікі былі арыштаваныя ў межах крымінальнай справы супраць Віктара Бабарыкі разам з іншай ягонай маёмасцю яшчэ ў 2020 годзе. Перш за ўсё на пляцоўцы «БелЮрЗабеспячэнне» прадалі аўтамабіль і аптычны прыцэл былога банкіра.

«Агульная канфіскацыя – калі канфіскуюць усю маёмасць. Гэта ўсё ж рэдка прымяняецца. Гэта такое дадатковае пакаранне, якое прыйшло да нас з СССР. Мала чалавека пасадзіць, важна яшчэ адабраць у яго ўсю маёмасць, прадаць усю маёмасць, адабраць, распрадаць – гэта форма грамадзянскага знішчэння чалавека», – кажа юрыст, праваабаронца, «Human Rights Impact» Раман Кісляк.

Арышты маёмасці закранулі, бадай, большасць апанентаў Лукашэнкі, супраць якіх вяліся крымінальныя справы. Кватэру Сяргея і Святланы Ціханоўскіх прадалі з такога ж самага аўкцыёну за 60 тысяч еўраў у эквіваленце. Маёмасць кіраўніка НАУ Паўла Латушкі: зямельны надзел, дом у Ждановічах і грошы на банкаўскіх рахунках – таксама пад арыштам.

Кватэра Сяргея Ціханоўскага, якую выставілі на аўкцыён.
Фота: e-auction.by

«У межах беларускага дзяржаўнага рэестру нерухомасці было пазначана, што нерухомасць, мой дом, які мне належыць, не можа быць прададзены або падораны, бо была ўведзеная адпаведная забарона з невядомых прычынаў, якіх падставаў – мяне ніхто не інфармаваў», – удакладняе кіраўнік НАУ, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.

Канфіскат прадаюць не толькі праз онлайн-аўкцыёны. Напярэдадні «БелЮрЗабеспячэнне» адкрыла рэальную краму ў Менску. Падобныя ёсць і ў іншых абласных цэнтрах.

Іншая форма спагнання грошай з апанентаў Лукашэнкі – так званае добраахвотнае ахвяраванне, а насамрэч проста водкуп ад турмы. Яго сілавікі прапаноўваюць тым, хто грашыма падтрымліваў пратэсты або палітвязняў. У залежнасці ад фінансавага стану затрыманага гаворка можа ісці пра сумы ад некалькіх тысяч да некалькіх дзясяткаў тысяч долараў. У такім выпадку ўсё роўна заводзіцца крымінальная справа, і няма гарантыі, што калісьці яна не будзе адноўленая, кажа Андрэй Стрыжак.

«Падумайце, якім чынам будуць выглядаць вашыя маёмасныя адносіны: на каго будзе запісаная нерухомасць або рухомая маёмасць, дзе будуць захоўвацца наяўныя або безнаяўныя грошы, каб вашая сям’я не пацярпела ў выпадку арышту», – раіць кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак.

Пасля арышту маёмасці сямʼя палітвязня рызыкуе застацца без грошай, а яны патрэбныя на жыццё і на падтрыманне самога зняволенага. Бо апошні, калі трапляе ў калонію, мусіць літаральна за капейкі працаваць на прамысловай зоне. І тым самым таксама падтрымлівае рэжым Лукашэнкі.

«Па-мойму, самая галоўная праблема, што няма сумленнага справядлівага правасуддзя, і адсюль усё ідзе. Такое пакаранне існуе і ў іншых краінах, але, канечне, яно не так актыўна ўжываецца, як у Беларусі», – тлумачыць Раман Кісляк.

Пакуль у Беларусі няма ніякіх магчымасцяў абараніць свае маёмасныя правы, у фондзе «BYSOL» раяць аднавіць пашпарт і зрабіць генеральную даверанасць у беларускага натарыуса, бо ў любы момант можа быць неабходна тэрмінова пакінуць краіну.

Аліна Скрабунова, «Белсат»