Польшча ўводзіць санкцыі за «драконаўскі прысуд»


Польшча ўводзіць новыя санкцыі супраць сотняў прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі. За тое, што Вярхоўны суд у Менску адхіліў апеляцыю і пакінуў «драконаўскі прысуд» Анджэю Пачобуту. «Чорны спіс» агучаць у панядзелак. Раней гарадзенскі суддзя Дзмітрый Бубенчык на закрытым працэсе пасадзіў журналіста ў калонію ўзмоцненага рэжыму на 8 гадоў за тое, што журналіст нібыта заклікаў да санкцыяў і распальваў сацыяльную варожасць. Тым часам «Белсат» атрымаў інфармацыю, што па беларускіх турмах ды ізалятарах пайшоў загад згары дзейнічаць максімальна жорстка супраць палітычных вязняў, асабліва вядомых. Навіны з-за кратаў прыходзяць шакуючыя. Вось што вядома на гэты момант.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Новая інфармацыя пра палітвязняў. Банкіра Віктара Бабарыку, які ў 2020-м годзе спрабаваў балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах, збілі ўсё ж ахоўнікі наваполацкай калоніі. Ды так збілі, што прабілі лёгкае зламаным рабром. Пра гэта «Белсату» паведаміў былы палітвязень Аляксандр Кабанаў, які мае свае крыніцы за кратамі.

«Першапачаткова, калі абмяркоўвалі ягоныя дыягназы, мне знаёмыя лекары сказалі, што хутчэй за ўсё ў яго прабітае лёгкае, зламаная рабрына. Гэтую інфармацыю мне пацвердзілі з іншых крыніцаў з калоніі, што насамрэч яго збілі, і было зламанае рабро, якое прабіла лёгкае», – распавёў нам Аляксандр Кабанаў – блогер «Народны рэпарцёр», палітвязень (2020–2022).

Кабанаў звяртае ўвагу: Бабарыку збілі месяц таму ў штрафным ізалятары калоніі, дзе да яго не мелі доступу іншыя зэкі. На сёння невядома, ці жывы ўвогуле Віктар Бабарыка. У Наваполацкім шпіталі яму рабілі хірургічную аперацыю. У Наваполацкай калоніі таксама адбывае пакаранне Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў узмоцненага рэжыму за нібыта арганізацыю масавых беспарадкаў і распальванне варожасці. Лісты ад яго не даходзяць, пры гэтым адміністрацыя сабрала вакол Лосіка шмат «стукачоў» – вязняў-інфарматараў.

«Тры месяцы ад яго няма ніякіх звестак. Адчувае сябе нармальна, наколькі мне вядома. Ён рыхтуецца змяніць месца дыслакацыі, гэта могуць быць тры варыянты: турма Магілёва, Горадні ці Жодзіна», – распавядае Аляксандр Кабанаў пра Ігара Лосіка.

Берасцейскі блогер Аляксандр Кабанаў сам быў у Наваполацкай калоніі і там рэзаў вены на руках, каб яго не катавала адміністрацыя. Цяпер Кабанаў збірае інфармацыю аб стане беларускіх палітвязняў, і просіць усіх, хто вызваліўся, звязацца з ім, незалежна ад крымінальнага артыкулу, і распавесці пра выпадкі катавання людзей у турмах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Зняволеныя ў калоніі.
Фота: gorobzor.ru

«Апошнім часам значная частка працэсаў такога кшталту накіраваная на тое, каб перавербаваць чалавека і перацягнуць яго на бок рэжыму. Мы бачым гэта на прыкладзе Васкрасенскага, на прыкладзе Пратасевіча, але гэта толькі найбольш вядомыя прыклады», – патлумачыў «Белсату» прадстаўнік палка Кастуся Каліноўскага Зміцер Шчыгельскі.

Палітвязняў, якія не хочуць супрацоўнічаць з рэжымам, натуральным чынам катуюць: надоўга змяшчаюць у штрафныя ізалятары, збіваюць, хворым не перадаюць жыццёва важныя лекі. Адзін з прыкладаў – Паліна ШарэндаПанасюк, асуджаная агулам на 3 гады. У жаночай калоніі «Зарэчча» ў Гомельскай вобласці Паліну за няпоўны год 200 дзён трымалі ў штрафным ізалятары. Ёй не перадалі бандэроль з медыкаментамі, неабходнымі для працы пячонкі.

«Паліна пратэстуе. Яна – жанчына, і рабіць гвалт над сваім целам яна па стане псіхалагічным не можа. Але яна даведзеная да мяжы, калі размова ідзе пра жыццё і смерць», – распавёў муж Паліны актывіст Андрэй Шарэнда.

У знак пратэсту супраць катаванняў Паліна публічна адмовілася ад беларускага грамадзянства. З калоніі яе этапавалі на судова-псіхіятрычную экспертызу, але сваякі не могуць даведацца, куды.

Катуюць і тых, каго змяшчаюць пад адміністратыўны арышт. У Менску 17-га траўня затрымалі Артура Башко – якраз перад важнай для яго жыцця і здароўя аперацыяй па выдаленні шчытападобнай залозы. Яго змясцілі на 13 дзён у ізалятар на Акрэсціна.

«Гэта толькі адзін з прыкладаў таго, наколькі бесчалавечныя рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі супраць насельніцтва. Агулам сітуацыя палітвязняў у Беларусі вельмі цяжкая, іх утрымліваюць у жахлівых умовах, прыніжаюць і нават катуюць. І ёсць выпадкі, калі людзі паміраюць у турме. Гэта абсалютна непрымальна», – заявіў у каментары «Белсату» афіцыйны прадстаўнік Еўракамісіі Петэр Стана.

Еўразвяз адсочвае злачынныя дзеянні лукашэнкаўскіх сілавікоў. Петэр Стана нагадаў «Белсату», што міністры замежных справаў краінаў Еўразвязу ў панядзелак на саміце ў Бруселі абмяркоўвалі катаванні ў беларускіх турмах.

«Мы ўжо ўвялі санкцыі адносна рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і гатовыя рабіць так далей на падставе існых доказаў», – падкрэсліў Петэр Стана.

Разам з тым, як паведаміў «Белсату» Аляксандр Кабанаў, па беларускіх турмах ды ізалятарах пайшоў загад згары дзейнічаць максімальна жорстка супраць палітычных вязняў, асабліва вядомых.

«Дадаткова стала вядома, што на Паліну зноў заводзяць новую крымінальную справу. Зноўку сумна вядомы 411-ты артыкул, непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі. Гэта значыць, што тэрмін Паліны становіцца нявызначаным. Фактычна яна разумее, што пакуль пры ўладзе Лукашэнка, яе не выпусцяць», – паведаміў Андрэй Шарэнда.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі сам прымушае людзей супраціўляцца, нават тых, хто раней здаўся, кажа Зміцер Шчыгельскі.

«У тых беларусаў, якія засталіся ў Беларусі, ёсць фактычна тры шляхі: з’ехаць, змірыцца ці змагацца. Пры тым мы бачым, што ўсе іншыя сродкі змагання былі выкарыстаныя і не далі выніку. Такім чынам рэжым проста не пакінуў людзям іншага выйсця», – падсумаваў Зміцер Шчыгельскі.

Як паведаміў нам Зміцер Шчыгельскі, у палку Кастуся Каліноўскага ваююць і такія байцы, якія ў Беларусі прайшлі праз рэпрэсіі. Гэта стала іх дадатковай матывацыяй узяць у рукі зброю.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»