Якою вакцынай ад COVID-19 прышчапляцца беларусам?


Вакцына «Sputnik» не дзеіць супраць новых штамаў каронавіруса. Абноўлены варыянт з’явіцца на рынку толькі ў сакавіку 2024-га года. «Sputnik» – адна з нешматлікіх вакцынаў, даступных у нашай краіне. Як цяпер беларусы могуць абараніць уласнае здароўе і што ў гэтай сітуацыі робяць улады?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пачынаецца перыяд сезонных хваробаў, у тым ліку ковід-19. Паводле Міністэрства аховы здароўя, цяпер па Беларусі цыркулюе штам о-мікрон. Улады чакаюць росту колькасці інфікаваных. Ці мусяць у Беларусі рабіць дадатковыя захады для вакцынацыі насельніцтва? Дырэктар грамадскай арганізацыі «Дактары за праўду і справядлівасць» Алег Дарашкевіч рэкамендуе правесці вакцынаванне людзям з групы рызыкі.

У групе рызыкі, між іншага, асобы з хранічнымі хваробамі і паслабленым імунітэтам, цяжарныя, медыкі і фармацэўтычныя працаўнікі. Для іх вакцынацыя абавязковая. Аднак доступ да эфектыўных варыянтаў у Беларусі абмежаваны. Днямі расейскі навуковец Аляксандр Гінцбург, які кіраваў распрацоўваннем вакцыны «Sputnik», прызнаў: прышчэпка не працуе! Яшчэ летам мінулага года трэба было змяняць яе антыгенны склад.

Якая ж альтэрнатыва? Летась Міністэрства аховы здароўя паведамляла: Беларусь атрымала амаль 10 мільёнаў дозаў кітайскай вакцыны «Sinopharm». Алег Дарашкевіч лічыць, што для групы рызыкі гэтага павінна быць дастаткова. І дадае: кітайскі варыянт дзейны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Viacheslav Lopatin / Shutterstock.com

У красавіку 2021-га Лукашэнка даручыў распрацаваць уласную, беларускую вакцыну:

«Досвед ужо ёсць і ў расейцаў, і ў еўрапейцаў, і ў кітайцаў, і ў індусаў. Шмат хто вырабляе гэтыя вакцыны. Мы ўжо сёе-тое ведаем – не на голым месцы працуем. Нас кітайцы гатовы падтрымаць, дапамагчы. Трэба ўстаць на плечы тым, у каго ўжо атрымалася, і зрабіць добрую вакцыну. Калі атрымаецца надзейная, якасная, 98-99 % – гэта будзе прарыў!»

Але для такой вытворчасці ў Беларусі няма патрэбных умоваў, кажа эканаміст Віталь Алейнік:

«Павінен быць перш за ўсе вялікі рынак, каб гэта было на ўзроўні нейкай акупляльнасці, і павінна быць вельмі развітая база фундаментальных даследаванняў».

Распрацаваць прарыўную вакцыну меліся за 2 гады, выпусціць – у 2023-ім. Сёлета міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч анансаваў выхад прадукту на наступны год. Чыноўнік выказаў сумневы наконт таго, ці будзе вакцына шырока ўжывацца. Але падкрэсліў: распрацоўка яшчэ спатрэбіцца для стварэння іншых прэпаратаў.

«Калі гаворка ідзе на палітычным узроўні, але гэта не падмацавана нейкай факталагічнай, навуковай базай, гэта ўсе выглядае больш як спекуляцыя, пад якую беларускія вучоныя вымушаныя падводзіць нейкую базу, ну, і прадпрыемства будзе вымушанае паказаць нейкі прадукт, які насамрэч можа быць у форме плацэба» – кажа Віталь Алейнік.

Цяпер у Беларусі – кампанія вакцынацыі. Меркаваць жа пра маштаб захворванняў на ковід-19 складана: актуальная статыстка захворванняў і смяротнасці ў Беларусі не публікуецца.

Аляксандр Асколаў, «Белсат»