Орбан выступае супраць Еўразвязу


Вугорскі парламент зацягвае галасаванне аб прыняцці Швецыі ў блок NATO. А прэм’ер-міністр завочна сварыцца з кіраўніцтвам Еўразвязу, параўноўваючы Абʼяднаную Еўропу з савецкімі танкамі. Пры гэтым Віктар Орбан не асуджае, а хутчэй падтрымлівае частковую акупацыю Украіны Расеяй. Што адбываецца ў Еўразвязе, і ці насамрэч Лукашэнка мае саюзніка ў Будапэшце?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Што такое «сяброўскі агонь» – friendly fire? Гэта калі саюзнік страляе па сваіх, наносіць страты і ў выніку звязвае супольны рух.

Вугоршчына, якая ішла ў блок NATO адразу пасля падзення камуністычнай дыктатуры, цяпер блакуе ўваход Швецыі ў Альянс. Кіроўная партыя ў вугорскім парламенце адмовілася правесці адмысловае галасаванне, справа зноўку зацягнулася.

«Парламент Вугоршчыны – суверэнны парламент суверэннай дзяржавы, што прыме суверэннае рашэнне ў гэтай справе», – так тлумачыць зацягванне міністр замежных справаў Вугоршчыны Петэр Сіярта.

Афіцыйны Будапэшт зацягвае пашырэнне NATO больш за год, бо шведскія палітыкі нібыта хлусяць аб праблемах з дэмакратыяй у Вугоршчыне. Цяпер яшчэ і павялічылася напружанасць у стасунках з Еўразвязам. Віктар Орбан параўнаў абʼяднанне з Савецкім Саюзам.

«На шчасце, Брусель цяпер – гэта не Масква. Масква была трагедыяй. А Брусель – толькі нягеглая пародыя. Мы ўжо скакалі пад маскоўскую дудку. А калі Брусель задудзіць, мы будзем танчыць, як хочам. Ці не будзем скакаць зусім», – вяшчаў перад натоўпам прэмʼер-міністр Вугоршчыны.

Абвінавачанне прагучала на ўрачыстасцях, прысвечаных гадавіне антысавецкага паўстання. У 1956-м годзе, каб утрымаць акупацыю Вугоршчыны, савецкія войскі забілі і скалечылі тысячы людзей. Чвэрць мільёна вугорцаў уратавалася ўцёкамі.

«Гэта гульня на абвастрэнне, гульня на мяжы фолу. Гэта паказвае, што Орбан падае прыклад еўрапейскім палітыкам, як урадавага так і не ўрадавага ўзроўню, што можна Брусель футболіць, не лічыцца з рашэннямі інтэграцыйных структураў, перадусім Еўракамісіі і Еўрапейскай Рады», – тлумачыць дырэктар Інстытуту палітычнага аналізу і міжнародных даследаванняў (Украіна) Сяргей Талстоў.

Орбан атрымаў адлуп ад вярхоўнага прадстаўніка Еўразвязу ў бяспецы і замежнай палітыцы.

«На жаль, Вугоршчына шмат ведае пра савецкую акупацыю і расейскія танкі на вуліцах. І Орбан мусіў бы ведаць, пра што кажа. Але, шчыра кажучы, я не бачу ніякага падабенства паміж савецкай акупацыяй і тым, што адбываецца ў Еўракамісіі. Там няма ніводнага танка і няма пагрозы захопу. І ніхто не трымае Вугоршчыну ў Еўразвязе. Гэта яе свабодны выбар», – так адказаў на пытанні журналістаў кіраўнік дыпламатыі Еўразвязу Жузэп Бурэль.

Орбан агітуе супраць Еўразвязу даўно і паслядоўна. У 2021-м годзе, у разгар крызісу на беларускай мяжы, ён перакладваў адказнасць за масавую нелегальную міграцыю, арганізаваную Лукашэнкам, на Еўразвяз.

«Брусель вядзе памылковую палітыку і фінансуе практычна ўсё, што ўзмацняе міграцыйны ціск», – заяўляў Віктар Орбан у 2021-м годзе на паседжанні Вышаградскай групы.

Прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан.
Фота: miniszterelnok.hu

Віктар Орбан – адзіны кіраўнік дзяржавы Еўразвязу, які паціснуў руку Пуціну пасля пачатку адкрытай вайны Расеі супраць Украіны.

«Стасункі між Вугоршчынай і Расеяй за апошнія дзесяцігоддзі будаваліся выключна на падставе ўзаемных інтарэсаў», – казаў Орбану Пуцін у Пекіне на саміце кітайскай праграмы «Пояс і шлях».

«У нас атрымалася наладзіць найлепшыя кантакты. Але з прычыны спецыяльнай вайсковай аперацыі і еўрапейскіх санкцыяў гэтыя стасункі шмат згубілі», – адказваў Пуціну Орбан.

Пад «спецыяльнай вайсковай аперацыяй» ён меў на ўвазе расейскае ўварванне ва Украіну.

Але казаць пра рух Вугоршчыны на выхад з Еўразвязу не варта, кажа эксперт. Будапэшт больш бярэ, чым аддае.

«Крытычнае стаўленне да еўрапейскіх інстытутаў – Еўракамісіі, Еўрапарламенту – вельмі характэрнае для правых і скрайне правых па ўсё Еўропе. Тут Вугоршчына не выключэнне. Але гэта не прывядзе да выхаду Вугоршчыны з Еўразвязу, бо эканамічна яна моцна звязаная», – тлумачыць доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Вугоршчына атрымлівае вялізныя выплаты праз еўрапейскія фонды і механізмы пераразмеркавання.

Але рэгулярна блакуе і спрабуе паслабіць антываенныя санкцыі Еўразвязу супраць Пуціна і Лукашэнкі.

«Нашыя вугорскія партнёры з’яўляюцца свайго роду лабістамі, каб прынамсі прабіць квоты па пэлетах, якія вельмі патрэбныя на еўрапейскім рынку», – распавядаў прапагандыстам амбасадар Лукашэнкі ў Вугоршчыне Уладзімір Улаховіч, калі Будапэшт наведваў міністр замежных справаў Сяргей Алейнік.

Месяц таму вугорская амбасадарка ў Менску Зіта Ілана Бэнчык уручала давяральныя паперы Лукашэнку ў рукі.

«Пасланцы краінаў, прыязджаючы ў Беларусь, уручаюць копіі давяральных лістоў у МЗС, але звычайна не прысутнічаюць на цырымоніі, калі арыгіналы ўручаюцца асабіста Аляксандру Лукашэнку. І гэта быў знак таго, што краіны Еўразвязу не прызнаюць легітымнасць і паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі», – тлумачыць традыцыю, што склалася пасля 2020 года, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Але сурʼёзных вугорска-беларускіх эканамічных ці бізнес-праектаў на сёння не бачна. Сяброўства з Лукашэнкам для Орбана – частка сяброўства з Пуціным, толькі частка складанай замежнай палітыкі. Нават іх спецслужбы не супрацоўнічаюць.

«Вугорскія спецслужбы яўна не без падказкі заакіянскіх куратараў зрабілі ўсё магчымае, каб сарваць падрыхтоўку гэтай праграмы, зладзіўшы мне вобшук і розныя праверкі проста ў аэрапорце Будапэшту, у выніку зачыніўшы ўезд у Вугоршчыну і дэпартаваўшы», – так пабачыла замежны кантроль над Вугоршчынай прапагандыстка каналу СТВ Надзея Сас.

У верасні ўлады Вугоршчыны не пусцілі яе ў краіну. Яна ляцела ў Будапэшт рыхтаваць канспірацыйную праграму, прысвечаную фінансісту і грамадскаму дзеячу Джорджу Сорасу, якога Віктар Орбан не раз называў ворагам Вугоршчыны.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»