Чаму міністр замежных справаў Вугоршчыны прылятаў у Менск?


Петэр Сіярта бадзёра паціскае рукі лукашысцкім міністрам замежных справаў ды эканомікі. Гэта першы з 2020 года візіт чыноўніка такога ўзроўню з краіны Еўрапейскага Звязу ў Беларусь.

«Вугоршчына ўсё яшчэ ўваходзіць у склад ЕЗ, але відавочна, яе ўрад кіруецца зусім іншымі каштоўнасцямі, а дакладней, іх адсутнасцю. Толькі гэтым можна патлумачыць, што ў высокапастаўленага еўрапейскага чыноўніка ўзнялася рука для поціску рукі з так званым кіраўніком МЗС рэжыму Лукашэнкі – рэжыму дыктатара, тэрарыста і ваеннага злачынцы, за трыбунал над якім ужо прагаласавалі Еўрапарламент і парламенцкая асамблея рады Еўропы», – кажа прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе транзіту ўлады Павел Латушка.

Сустрэча з суагрэсарам у вайне Расеі супраць Украіны прадстаўніка еўразвязаўскай краіны быццам бы і не бянтэжыць. Хаця тэма канфлікту не засталася па-за ўвагаю.

«Я папрасіў Беларусь зрабіць усё магчымае ў інтарэсах міру і не дапусціць працягу і эскалацыі вайны. […] Пазіцыя Вугоршчыны заўсёды была яснай: каналы сувязі мусяць заставацца адкрытымі. […] Бо калі каналы сувязі закрываюцца, мы губляем надзею на мір», – кажа міністр замежных справаў Вугоршчыны Петэр Сіярта.

Для Віктара Орбана важна акрэсліць сябе ў якасці міратворца. Хаця б у доўгатэрміновай перспектыве, мяркуе эксперт Фінскага інстытуту міжнародных дачыненняў Рыгор Ніжнікаў: «Патэнцыйна Вугоршчына праз нейкія 2-3 гады можа стаць, як яны думаюць, медыятарам канфлікту. Гэта тое ж, што хацела і хоча Турэччына. Я думаю, што Орбан на гэта разлічвае. І гэта была такая заява аб намерах».

На практыцы ж Вугоршчына з самага пачатку расейскага ўварвання ва Украіну цвёрда выступала супраць накладання санкцыяў, напрыклад, увядзення коштавай столі для нафты. Да таго ж урад Віктара Орбана спрабаваў блакаваць перадачу краінамі ЕЗ зброі Украіне.

«Гэта спроба Віктара Орбана гуляць у такога дрэннага хлопца ў ЕЗ. Ён хоча прыцягнуць галасы заходніх кансерватараў, якія шукаюць сябе ў патэнцыйных мірных перамовах з РФ, да якіх Пуцін не гатовы», – разважае кіраўнік Інстытуту цэнтральнаеўрапейскай стратэгіі Дзмітрый Тужанскі.

Зрэшты, незалежна ад намераў Вугоршчыны, палітыка Еўрапейскага Звязу ў дачыненні рэжыму Лукашэнкі наўрад ці зменіцца.

«Візіт міністра замежных справаў Вугоршчыны зʼяўляецца адступленнем, але толькі адной дзяржавы якая даўно пазначыла сябе як прыхільную да аўтарытарных рэжымаў як Пуціна, так і Лукашэнкі – кажа прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі. – Таму мы не разглядаем гэта як змену палітыкі ЕЗ».

Афіцыйныя вынікі візіту Петэра Сіярта выглядаюць сціпла. Бакі падпісалі праграму супрацы, якая прадугледжвае працяг дыялогу на лініі МЗС, стымуляванне эканамічнага, адукацыйнага ды культурніцкага абмену.

Ян Федаровіч, Белсат