Жывыя ялінкі на Каляды і Новы год: дзе набыць і як даглядаць


Увага, аматары жывых дрэўцаў на навагоднія святы! У Менску адкрыліся ялінкавыя кірмашы, у іншых абласных цэнтрах дрэўцы пачалі прадаваць яшчэ раней. Усяго ў краіне працуе каля тысячы ялінкавых кірмашоў, дзе плануюць рэалізаваць каля 140 тысяч ялінак. Ці варта было пілаваць такую колькасць дрэваў і як правільна даглядаць за ялінкамі ў кватэры?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Нізкія і высокія, пышныя і сціплыя навагоднія дрэвы з сённяшняга дня можна купіць на ялінкавых кірмашах у Менску. Выбар ялінак такі багаты, што задаволіць любы самы патрабавальны густ.

Выбраць жывую ялінку можна як у цэнтры сталіцы, гэтак і ў любым з раёнаў гораду. Менгарвыканкам падрыхтаваў адмысловую інтэрактыўную мапу з адрасамі кірмашоў. Агулам – каля 70 кропак продажу. А па ўсёй краіне – каля 950. Працаваць ялінкавыя кірмашы будуць да 31 снежня ўключна.

Каб атрымаць парады для выбару жывога навагодняга дрэва, ад імя простага грамадзяніна мы звярнуліся ў Міністэрства лясной гаспадаркі:

«Калі яна нармалёва ссечаная… А як убачыць, што нармальна? Карэньчык павінен быць свежассечаны, ну вы ж убачыце, дзе свежассечаны, а дзе пастаяла ў снезе і такая ўжо падмёрзлая. Пераварочваеце любую ялінку і глядзіце, свежы зрэз або не», – патлумачыў намеснік кіраўніка ўпраўлення вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі пры Міністэрстве лясной гаспадаркі Віталь Бандарэвіч.

Кошты калядных ялінак наступныя: ад 7 да 37 рублёў у залежнасці ад вышыні дрэва і рэгіёну. Так званыя букеты з ялінкавых галінак абыдуцца прыкладна ў 4 рублі, а ялінкі ў кадках ад 20 да 30 рублёў. Традыцыйна ў лясгасах цэны ніжэйшыя, чым на адмысловых кірмашах. За незаконнае высяканне дрэўца давядзецца заплаціць штраф памерам ад 185 да 1110 рублёў і дадаткова – кампенсацыю за шкоду памерам 37 рублёў.

Бекстейдж записи новогодней продукции телеканала «Белсат». На снимках – актёры и съемочная группа. Режиссёр – Артём Лобач
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святочная ялінка. Легіянова, Польшча. 9 снежня 2021 года.
Фота: ЯМ / Белсат

«Ствараюцца пасты і маршруты патрулявання з мэтай выяўлення фактаў незаконнага высякання ялінак. Пасты выстаўляюцца ў найбольш ажыўленых месцах: дарогі агульнага карыстання, заезды і выезды з населеных пунктаў, ажыўленыя скрыжаванні, месцы заезду і выезду з лесу», – паведаміў вядучы інжынер у справе паляўнічай гаспадаркі Валожынскага лясгасу Павел Садоўскі.

На такі пост нарваўся жыхар Пінску: 65-гадовы мужчына перавозіў шэсць сосен, за што быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ з аўтаматамі.

З улікам невысокага кошту і шырокай прапановы – сёлета лясгасы плануюць спілаваць каля 140 тысяч дрэваў – мэтазгодней па жывую ялінку пайсці ўсё ж такі не ў лес, а на кірмаш.

«Нават калі лагічна падумаць, калі такая вялікая колькасць дрэваў будзе высечаная, што з імі будзе потым? Наўрад ці 140 тысяч дрэваў прададуць. І атрымліваецца, што гэтыя дрэвы, якія вырошчвалі гадоў пяць ці нават болей, проста выкінуць на палігон, ад чаго дакладна не будзе добра», – лічыць менеджарка «Зялёнага тэлефона» Паліна Бурко.

Паводле Паліны Бурко, найлепшы варыянт – нічога не спілоўваць, а проста ўпрыгожыць ялінку, якая расце ў зямлі, у сябе ў двары. Калі такога варыянту няма, то тады лепей выбраць ялінку ў кадцы.

«Дрэва ў кадцы ў арэнду. Ёсць кампанія такая, якая займаецца здачай у арэнду дрэваў. Яны прывозяць за пэўную суму грошай, пакідаюць на пэўны час, кажуць, як клапаціцца пра гэтае дрэва, каб яно не памерла, і потым яны забіраюць і ўжо самі высаджваюць дрэва, дзе патрэбна», – раіць менеджарка «Зялёнага тэлефона» Паліна Бурко.

Спілаваная або ў кадцы, жывая ялінка ў вашым доме патрабуе пільнага дагляду. Па-першае, для акліматызацыі дайце ёй пастаяць пару гадзінаў у прахалодным месцы, напрыклад, у калідоры. У пакоі абярыце месца для ялінкі як мага далей ад батарэі. Зямлю або падстаўку, у якой стаіць дрэўца, пастаянна ўвільгатняйце. Гэтак жывая ялінка не абсыплецца каля двух тыдняў.

Аліна Скрабунова, «Белсат»