На эндапратэзаванне суставаў у Беларусі выбудаваліся даўгія чэргі


Кожны рух – боль. І выйсце для хворых толькі адно – замена суставаў на адмысловыя пратэзы. Аперацыя не складаная, але ў Беларусі на пратэзаванне тазасцегнавога сустава чакаюць у чарзе 11 з паловай тысячаў чалавек. Такі цэлы раённы цэнтр. Чыноўнікі гавораць, што ўсё пад кантролем. Толькі вось чэргі не змяншаюцца. Чаму?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

З пачатку года і да канца кастрычніка ў Беларусі зрабілі крыху больш за сем тысяч эндапратэзаванняў тазасцегнавога сустава. Цяпер у чарзе на такую аперацыю – амаль адзінаццаць з паловаю тысяч пацыентаў. Калі чарга будзе рухацца з такой жа хуткасцю, як мінулыя месяцы, запісаныя на аперацыю цяпер трапяць на яе прыкладна праз паўтара года.

Паводле траўматолага Аляксея Носава, чэргі былі заўсёды, але 11 тысяч – гэта вельмі многа.

«Гэта цэлы населены пункт – вось столькі людзей чакаюць у чарзе».

Летась у сакавіку ў Беларусі затрымалі трыццаць пяць траўматолагаў-артапедаў. Іх абвінавацілі ў атрыманні хабараў. Пасля гэтага ў клініках пачаліся цяжкасці з аперацыямі пратэзавання суставаў. А ў верасні таго ж года дзяржаўным больніцам забаранілі ставіць эндасуставы замежнае вытворчасці. Выключэнне зрабілі толькі для прыватнай клінікі пад назвай «Мерсі». Тады Беларускі расследавальніцкі цэнтр высветліў, што яе суўладальнікі звязаныя з сям’ёю Лукашэнкі і вядуць бізнес з набліжанымі да яго бізнесоўцамі.

Тым часам Міністэрства аховы здароўя выпусціла загад купляць усе імпартныя пратэзы без пасярэднікаў – толькі праз дзяржпрадпрыемства «Белмедтэхніка».

Як кажа прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч, гэта спроба манапалізацыі рынку, зрабіць штучны дэфіцыт на рынку. Такая вялікая чарга на пратэзаванне дазваляе зарабляць якімсьці прадпрымальнікам, таму ж самаму Алексіну.

Чыноўнікі сцвярджаюць, што пасля завядзення «справы артапедаў» у краіне на змену затрыманым падрыхтавалі больш як сто трыццаць новых спецыялістаў. І цяпер ажно дзвесце трыццаць шэсць траўматолагаў-артапедаў краіны валодаюць тэхнікай пратэзавання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: freepik.com

Але, як лічыць Аляксей Носаў, такія паскораныя курсы сітуацыю не выратуюць. Новыя навучаныя траўматолагі-артапеды маюць мала практыкі, а цяпер і старэйшых калегаў, у якіх маглі навучацца. Аперацыя па пратэзаванне тазасцегнавога сустава хоць і не складаная, але ад яе якасці залежыць, ці не стане чалавек інвалідам.

Што ж да самой прадукцыі, чыноўнікі Мінздароўя абяцаюць запусціць беларуска-кітайскую супольную вытворчасць пратэзаў тазасцегнавога сустава. А таксама павялічыць выпуск айчынных пратэзаў каленных суставаў.

Але, зазначае Аляксей Носаў, могуць узнікнуць пытанні да якасці такой прадукцыі.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»