news
Агляд
«Гэта чарговы падман!» Як клінікі парадкуюць чэргі на эндапратэзаванне, каб выканаць загад Лукашэнкі
«Вось мы і стараемся»
04.09.202319:18

Беларуская медыцына спрабуе выканаць «даручэнне» Аляксандра Лукашэнкі – да канца года паставіць каленныя і тазасцегнавыя суставы ўсім беларусам, якія знаходзіліся ў чарзе на аперацыю да 23 траўня. Робіцца гэта ўсімі праўдамі і няпраўдамі, у тым ліку шляхам так званай «рэвізіі чаргі», пра якую раней распавяла «Белсату» нашая чытачка з Гомля. Гісторыя мела працяг: пацыентам, якія чакаюць аперацыі, прапанавалі падпісаць згоду на яе адтэрміноўку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аперацыя па эндапратэзаванні.
Фота: Yegor Aleyev / TASS / Forum

Нагадаем, 22 жніўня пажылая жыхарка Гомля наведала гарадскі клінічны шпіталь № 1, куды яе запрасілі па тэлефоне, «каб развязаць пытанне з датаю правядзення аперацыі». Аднак пытанне гэтае ніхто развязваць не збіраўся. Людзей сагналі ў шпіталь, каб зрабіць «рэвізію чаргі». Надзея (так назвалася жанчына ў размове з «Белсатам») так і не трапіла ў кабінет, бо людзей з праблемнымі суставамі, на мыліцах і без іх, сабралася тады вялізная колькасць («Чарга хадуном хадзіла, людзі крычалі: навошта вы нас падманулі?»). Надзеі, якая запісалася на аперацыю ў 2022 годзе, сказалі разлічваць на люты 2024 года.

Згода на адтэрміноўку

Пасля гэтай гісторыі мы звярнуліся да чытачоў, каб даведацца, ці не сутыкнуўся яшчэ хто з такімі рэвізіямі замест аперацыяў. Нам напісаў мужчына, які таксама прайшоў праз рэвізію у Гомлі. Анатоль (так назваўся наш чытач) распавёў прадаўжэнне гэтай гісторыі. Пасля паездкі ў шпіталь, якая вымагала ад яго шмат высілкаў і цярпення, бо ўвесь час трэба было трываць боль, ён атрымаў яшчэ адну прапанову – прыйсці ў паліклініку «падпісаць паперы на аперацыю». Адчуваючы сябе падманутым пасля першага паходу, мужчына адмовіўся ісці («Ногі ўжо не ходзяць!»). Тады супрацоўнікі медычнай установы самі прыйшлі з паперамі да яго. Анатоль распавёў, што разгубіўся і спачатку падпісаў дакумент, а толькі потым прачытаў яго і зразумеў, што тым самым ён даў згоду на адтэрміноўку аперацыі і падпісаўся пад просьбай не здымаць яго з чаргі.

«Гэта чарговы падман», – зрабіў выснову наш чытач.

Па словах медсястры, якая прыходзіла да нашага суразмоўцы, загад разабрацца з чаргой спусцілі паліклініцы зверху – з гарадскога шпіталя, бо сам ён ужо «не дае з гэтым рады».

«На жаль, не ў гэтым годзе…»

«Белсат» дазваніўся ў Гомельскі гарадскі клінічны шпіталь № 1, каб спраўдзіць інфармацыю, якую распавялі нашыя чытачы. Даведаліся, што такія рэвізіі ладзяцца згодна з «новымі правіламі ў Міністэрстве».

Гомельскі гарадскі клінічны шпіталь № 1.
Фота: ggkb1.by

«Так, гэта была рэвізія чаргі. Усім, хто ў чарзе, трэба чакаць, пакуль выклічуць. Зараз толькі 2019 год выклікаюць. Мы прапануем нашым пацыентам падпісаць паперы, каб іх ў гэтым годзе не знялі з чаргі. Такія новыя правілы ў Міністэрстве. Таму ўсё нармальна, з чаргі нікога не здымуць, няхай чакаюць, калі іх выклічуць на аперацыю», – патлумачыла супрацоўніца шпіталя.

На пытанне, колькі чакаць, адказала, што, «на жаль, не ў гэтым годзе».

«Можа, у наступным дойдзем усё-такі», – дадала нашая суразмоўца.

Намесніца галоўнага лекара па медычнай частцы гомельскага шпіталя Ірына Зубовіч, з якой мы размаўлялі як сваякі аднаго з пацыентаў, запэўніла, што «чарга змяншаецца».

«Мы працуем. Але, на жаль, пацыентаў, якім патрабуецца замена сустава вельмі вялікая колькасць. Каб вы разумелі, у нас 1000 чалавек у чарзе на пратэзаванне каленнага суставу і 2000 – тазасцегнавога. Таму нават калі робім вялікую колькасць аперацыяў за месяц, усё адно ў чарзе давядзецца стаяць не адзін месяц», – сказала Ірына Зубовіч.

«Напэўна, людзі пачулі ў тэлевізары, што суставы ў 2023 годзе паставяць усім, хто стаяў у чарзе, і таму спадзяюцца, што…»

«Ну вось, мы і стараемся», – адказала нашая суразмоўца.

Выканаць загад Лукашэнкі нерэальна

Што да інфармацыі пра даўжыню чэргаў (1000 і 2000 чалавек) на аперацыі ў гомельскім шпіталі, то яна падаецца троху дзіўнай. Бо яшчэ ў 2022 годзе ў чарзе на аперацыю пратэзавання тазасцегнавога сустава, па нашых звестках, стаяла каля 5000 чалавек. На сайце шпіталя паведамляецца, што на 1 верасня была запланаваная аперацыя пацыента № 4207 (і № 2290 – на пратэзаванне каленнага суставу).

Хірургі-артапеды пасля аперацыі. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Yegor Aleyev / TASS / Forum

Калі давяраць словам намесніцы кіраўніка ўстановы (не маем падставаў ім не верыць, хоць паўтараем, што размаўлялі з лекарам не ад імя СМІ) і чарга на эндапратэзаванне тазасцегнавога сустава сапраўды скарацілася ўдвая, то застаецца толькі здагадвацца, ці не вынік гэта нядаўняй «рэвізіі».

Падобна, што такая рэвізія адбывалася і ў медычных установах іншых буйных гарадоў Беларусі, дзе робяцца аперацыі эндапратэзавання. Прынамсі ў Віцебскай абласной лякарні нам патлумачылі, што медыкі, якія маглі прыходзіць да пацыентаў для падпісання дакументаў, апроч таго «павінны былі спраўдзіць стан іх здароўя і паглядзець, ці ёсць якія супрацьпаказанні для пратэзавання».

«Колькі чакаць, калі сталі ў чаргу ў 2022 годзе? Год з нечым давядзецца чакаць. Год ці крыху больш», – удакладнілі ў Віцебскім абласным шпіталі.

Таксама мы патэлефанавалі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр (РНПЦ) траўматалогіі і артапедыі, але там нам настойліва параілі карыстацца сайтам і спраўджваць сваю чаргу па індывідуальным нумары ў лісце чакання. Мы скарысталіся і высветлілі, як выглядаюць чэргі. 

Каго выклікаюць на аперацыі ў верасні

  • РНПЦ траўматалогіі і артапедыі (Менск): тазасцегнавы – тыя, хто стаіць у чарзе з ліпеня 2021 года, каленны – са жніўня 2022 года.
  • 6 гарадскі клінічны шпіталь Менску: тазасцегнавы – з лістапада 2020 года (у чарзе 2677 чалавек), каленны – з сакавіка 2019 года (чарга – 3865 чалавек).
  • Берасцейскі абласны клінічны шпіталь: тазасцегнавы – з лютага 2017 года, каленны – з кастрычніка 2015 года (апошняе абнаўленне інфармацыі – у сакавіку 2023 года).
  • Гомельскі гарадскі клінічны шпіталь № 1: тазасцегнавы – з лістапада 2019 года, каленны – з красавіка 2017 года.
  • Віцебскі абласны шпіталь: тазасцегнавы – з красавіка 2021 года, каленны – са студзеня 2020 года (інфармацыя са жніўня 2023 года).
  • Гарадзенскі шпіталь хуткай медычнай дапамогі: тазасцегнавы – са студзеня 2022 года, каленны – з лютага 2023 года.

Як бачым, загад Аляксандра Лукашэнкі да канца 2023 года паставіць эндапратэзы ўсім, хто запісаўся на аперацыю да 23 траўня, выканаць нерэальна. Нават тады, калі «адзін будзе мяняць, а двое зашываць рану» (цытуем словы Лукашэнкі). Нават калі жорстка парадкаваць чаргу. Магчыма, далі б рады хіба ў Горадні.

Колькі каштуе паставіць пратэз без чаргі

Адзначым, што на платныя аперацыі эндапратэзавання можна запісацца без усялякай чаргі, і не толькі ў прыватных медычных установах.

Гэтак, Гомельскі гарадскі шпіталь № 1 запусціў з 1 жніўня 2023 года пілотны праект Міністэрства аховы здароўя і робіць платныя аперацыі – «з жадання грамадзянаў» – у выходныя і святочныя дні. Мы пацікавіліся коштам: эндапратэз і аперацыя будуць каштаваць каля 10 тысячаў рублёў («А можа, і 8-9 тысячаў, гэта будзе залежыць ад пратэзаў»). Прыкладна такую ж суму трэба будзе заплаціць і ў Віцебскім абласным шпіталі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ulrich Niehoff / imageBROKER / Forum

Гарадскі клінічны шпіталь хуткай дапамогі ў Менску прапануе паставіць тазасцегнавы сустаў за 12 000-18 500 рублёў (поўны кошт лекавання і дыягностыкі), у залежнасці ад таго, будзе выбраны індыйскі ці швейцарскі імплант. У менскай клініцы «Мерсі» татальнае эндапратэзаванне будзе каштаваць ад 17 500 рублёў.

Паводле міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, які трымаў адказ перад Лукашэнкам у траўні 2023 года, у чэргах на эндапратэзаванне на той момант ва ўсёй краіне знаходзілася 13500 чалавек. Паводле іншых падлікаў, гэта толькі тыя, хто стаіць у чарзе на пратэзаванне тазасцегнавых суставах, бо маюцца яшчэ 15 тысячаў – на пратэзаванне каленных суставаў. 

З афіцыйных звестак, аперацыі эндапратэзавання тазасцегнавых суставаў могуць праводзіць у Беларусі 45 клінік, каленных суставаў – 16 установаў. У краіне такія аперацыі могуць рабіць 245 лекараў-артапедаў. У 2022 годзе паводле так званай «справы артапедаў» беларускім рэжымам былі затрыманыя каля 30 спецыялістаў – артапедаў і траўматолагаў.

«Белсат» ужо некалькі разоў даследаваў праблему эндапратэзавання ў Беларусі. Мы працягваем сачыць за тэмай. Калі вам удалося замяніць сустаў у Беларусі (ці, можа, у Расеі), падзяліцеся сваёй гісторыяй з намі.

Гісторыі
Чарга крычала: Навошта нас падманулі? Як выконваюць загад Лукашэнкі праапераваць усіх, хто стаіць у чарзе на эндапратэзы
2023.08.25 19:25

Зміцер Міраш belsat.eu