Як у Беларусі фальсіфікуюць падзеі Другой сусветнай вайны


У Беларусі з’явіліся натоўпы пераапранутых «энкавэдэшнікаў», камісараў ды гасцей з усходу. Асабліва гэта заўважна ў Берасці. Прапаганда святкуе пачатак уварвання гітлераўскіх войскаў у нашую краіну. З трагедыі робяць сапраўдны карнавал. Побач з чырвона-зялёнай палітрай часта можна ўбачыць як савецкую сімволіку, гэтак і колеры цяперашняй краіны-агрэсара.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэты дзень – 22 чэрвеня – ён жа асаблівы і ў кантэксце мінулага года, і ў кантэксце гэтага года. Бо мы маем справу з сітуацыяй, калі ідзе вайна. Сапраўдная вайна. І тая ж самая вайна, якую ў Расеі фактычна абвесцілі працягам Другой сусветнай вайны», – распавядае гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Між тым цяпер афіцыйна 22 чэрвеня ў Беларусі называецца Днём усенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народу. Як жа форма святкавання суадносіцца са зместам падзеі?

«Сапраўды, адбываецца вяселле, а не разважанне, што трэба зрабіць, каб перадухіліць увогуле вайну. Хочуць паказаць, што шмат ахвяраў – пры гэтым спевы. Я думаю, што якраз на гэтым пабудавана: даць людзям хлеба і відовішчаў, каб людзі адышлі ад унутраных праблем, каб гулялі, танчылі, спявалі», – дадае гісторык Яўген Дудкін.

Летась у траўні Акадэмія кіравання выпусціла ў дапамогу ідэолагам адмысловую метадычыку. У ёй сярод мноства памылак і фальсіфікацыяў фактычна адмаўляецца роля еўрапейскіх краінаў у перамозе над нацызмам. Сёння ж гэтую тэзу ўзмацніў і адзін вядомы чыноўнік.

«Пад фашысцкімі сцягамі і са свастыкай на форме на нашую зямлю хлынулі хвалі “асвечаных еўрапейцаў”, якія ішлі ў чарговы крыжовы паход захопліваць, рабаваць, занявольваць, асвойваць жыццёвую прастору і вызваляць яе ад “недачалавекаў”. Менавіта да гэтай катэгорыі былі аднесеныя славяне, габрэі, армяне, грузіны і дзясяткі іншых народаў Савецкага Саюзу», – кажа старшыня так званай Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка.

А вось так з тымі самымі людзьмі са свастыкай паводзілі сябе людзі з чырвонаю зоркаю на форме з 22 чэрвеня 1941 года. Сучасная лукашэнкаўская і пуцінская прапаганда ўсімі сіламі замоўчвае факты супрацы саветаў з гітлераўскай Нямеччынай, агульных парадаў, падзелу Польшчы паміж сабой. Больш за тое – у сучаснай Беларусі ды Расеі згадкі пра гэтыя факты будуць наўпрост лічыцца фальсіфікацыяй гісторыі ды могуць закончыцца турэмным зняволеннем. Між тым, Другая сусветная пачалася для Беларусі і беларусаў на два гады раней за сорак першы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ганаровая варта на плошчы Перамогі. У беларускай сталіцы прайшло традыцыйнае шэсце з нагоды 77-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, пасля чаго пачаліся святочная гульба гараджанаў. Менск, Беларусь. 9 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

«Больш за 70 000 ураджэнцаў Заходняй Беларусі ў міжваеннай Польшчы ваявалі ўжо на баку саюзнікаў, антыгітлераўскай кааліцыі. Напрыклад, пад Млавай змагаліся нашыя жаўнеры. Пра гэта ігнор. Чаму? Таму што потым трэба распавядаць, куды дзеліся тыя жаўнеры, што з імі сталася ў Катыні. А гэта вельмі балючае пытанне для ідэолагаў», – кажа гісторык Яўген Дудкін.

Пасля 2020 года рэжым Лукашэнкі асабліва актыўна ўзяўся апрацоўваць дзяцей і моладзь. Маладому пакаленню спрабуюць навязаць так званую адзіную праўдзівую ідэалогію. У ёй фактычна ставіцца знак роўнасці паміж подзвігам людзей больш чым 80-гадовай даўніны і любымі, няхай і самымі злачыннымі дзеяннямі сучасных уладаў.

«Гэта тая гісторыя, калі заходзіць у адно вуха і з другога вылятае. Я не думаю, што ў лукашэнкаўцаў атрымаецца нейкім чынам сурʼёзна паўплываць на вось гэтую генерацыю. То бок не атрымаецца таму, што тыя наратывы, што яны прасоўваюць, ды, дарэчы, і тэмы – яны досыць архаічныя», – дадае Аляксандр Фрыдман.

Галоўная небяспека фальсіфікацыі гісторыі – паўтарэнне яе трагедыяў. З 24 лютага 2022 года за шматгадовую падмену паняццяў расплачваемся ўсе мы, упэўненыя нашыя эксперты.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»