Чым стаў Дзень Перамогі для Беларусі?


Дзень памяці і жалобы або вялікая ідэалагічная акцыя? З аднаго боку, улады ў Беларусі нібыта ўшаноўваюць ахвяраў і жаўнераў Другой сусветнай. З другога – ператвараюць дзявятага траўня ў тэматычны карнавал з песнямі, танцамі, пераапрананнямі ў гімнасцёркі ды іншымі дзівацтвамі, да якіх не дадумваліся нават у савецкія гады.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Танцавальныя і спеўныя флэш-мобы, фотазоны, шэсці і аўта- ды нават мотаблокапрабегі – так сёлета выглядае афіцыйнае святкаванне Дня перамогі ў Беларусі. Чыноўнікі, вайскоўцы, працаўнікі культуры ды адукацыі, праўладныя актывісты спаборнічаюць у крэатыўнасці.

У савецкія гады свята адзначалі даволі сціпла, як на цяперашні час. Але рэжым Лукашэнкі ад пачатку свайго існавання ўзяўся за актыўную ідэалагічную эксплуатацыю тэмы вайны.

«Пры гэтым прысвойваецца права лічыць сябе нашчадкамі перамогі або тым, хто атрымаў перамогу, не праводзячы мяжы, а апанентаў называць “фашыстамі”, “калабарантамі” і гэтак далей», – адзначае медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Дадатковае палітычнае адценне свята набывае і цяпер – у час небывала вострага супрацьстаяння з Захадам.

«Ёсць спроба паказаць, што, маўляў, мы ведаем, што такое гэтая вашая Еўропа. Гэта гітлераўская Нямеччына прыносіла Еўропу на нашыя землі. І пры гэтым цалкам выкрэсліваецца, што была антыгітлераўская кааліцыя і што Вялікая Брытанія пачала вайну з гітлераўскай Нямеччынай значна раней за Савецкі Саюз», – кажа Паўлюк Быкоўскі.

«Гітлера перамог Савецкі Саюз. У гэты момант Захад пабачыў, што Савецкі Саюз можа перамагчы любое зло, якое яны на Захадзе выгадуюць супраць сацыялістычнага блоку дзяржаваў», – заявіў напярэдадні 9 траўня прапагандыст Андрэй Мукавозчык.

Лукашэнкаўская прапаганда цяпер паўтарае тэзісы крамлёўскай, адзначае Паўлюк Быкоўскі. Святкаванне Дня Перамогі таксама ўсё больш нагадвае расейскае. Хіба што стужку прыдумалі сваю, а «Несмяротны полк» перайменавалі ў «Беларусь памятае». У астатнім, як той казаў, знайдзіце дзесяць адрозненняў.

«Пуцін і Лукашэнка дзесяцігоддзямі эксплуатуюць тэму перамогі ў Другой сусветнай. Яны цалкам перакруцілі сутнасць гэтага дня і стварылі “победобесие”. Мой прадзед Афанасій, які дайшоў да Берліну, быў бы ў жаху, калі б даведаўся, што Дзень Перамогі з “Ніколі зноў” ператварыўся ў вусцішнае “Можам паўтарыць”», – заявіла абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Дзявятага траўня ў Беларусі следам за Расеяй ператвараецца ў гэткі карнавал з мілітарысцкім прысмакам, куды ўцягваюць і дзяцей, якія яшчэ не могуць свядома выбіраць сваю пазіцыю.

Дзеці – адзін з галоўных аб’ектаў прапаганды, бо лягчэй за дарослых паддаюцца апрацаванню, кажа псіхалагіня Крысціна Вязоўская.

«Гэта стварэнне нормы ўнутры псіхікі. Нібыта ўсё ў парадку, так і мае быць. Усё нармальна. Няма чаго есці, але мы ходзім у форме, і так усё мусіць быць. Няма іншых спосабаў жыцця, няма іншых выбараў», – кажа Крысціна Вязоўская.

Новыя пакаленні выхоўваюць пад старымі сімваламі, якія ў шэрагу іншых краінаў былога СССР цяпер забараняюць нароўні з нацысцкімі. Але рэжым Лукашэнкі бачыць гісторыю вайны ў чорна-белых фарбах, дзе ўсё савецкае – адназначна добрае, кажа гісторык Сяржук Герасімовіч.

«Гэта вельмі аднабаковая, вельмі адыёзная трактоўка. Яна патрэбная для таго, каб стварыць нейкі міф. Каб усіх беларусаў кансалідаваць на базе гістарычнай траўмы», – мяркуе Сяржук Герасімовіч.

«Кацюша», танкі Т-34, партызаны, піянеры-героі, гімнасцёркі, чырвоныя зоркі – і ні слова пра рэпрэсіі напярэдадні Другой сусветнай, пра расстрэлы ў Курапатах або пра тое, як у трыццаць дзявятым Сталін і Гітлер амаль адначасова напалі на польскую дзяржаву. Адну таталітарную ідэалогію падчас Другой сусветнай перамаглі, але спадчына другой працягвае ўплываць на курс беларускай дзяржавы і на свядомасць беларусаў.

Валянцін Васіленка, «Белсат»