Уладзімір Зяленскі: Расея рыхтуе ядравы тэракт


Расейскія акупанты разглядаюць сцэнар тэрарыстычнага акту на Запарожскай атамнай электрастанцыі з выкідам радыяцыі. Пра гэта ў тэрміновым звароце да ўкраінцаў і свету заявіў Уладзімір Зяленскі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Яны для гэтага ўсё падрыхтавалі. На жаль, ужо неаднойчы мне даводзілася нагадваць, што радыяцыя не ведае нацыянальных межаў. І тое, па кім яна ўдарыць, вызначаецца толькі напрамкам ветру. Тэрактаў на АЭС не мусіць быць ніколі, нідзе. Гэтым разам не мусіць быць, як з Кахоўкаю: свет папярэджаны, значыць, свет можа і мусіць дзеяць».

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў чакана назваў словы ўкраінскага прэзідэнта хлуснёй і спаслаўся на тое, што Запарожскую АЭС нядаўна наведваў кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі. І, паводле словаў Пяскова, у прадстаўнікоў гэтай арганізацыі ніякіх пытанняў наконт магчымага падрыву станцыі не паўстала.

«Хто такія МАГАТЭ для Расеі? Гэта інстытут, што ўвогуле няздольны кантраляваць ядравыя аб’екты. Калі ў леташнім сакавіку тэрарысты захапілі ядравы абʼект, у МАГАТЭ мусілі адразу ж на гэта адрэагаваць. Але яны вельмі квола да гэтага тады паставіліся. І з таго часу ўвесь свет непакоіцца, што тэрарысты ўтрымліваюць больш за год ядравы абʼект. Як такое можа быць у сучасным свеце, мне цяжка сказаць», – тлумачыць сакратар Савету нацыянальнай бяспекі Украіны Аляксей Данілаў.

Паводле вайскова-палітычнага аглядальніка групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандра Каваленкі, на гэты момант Расея не будзе ўчыняць гэтага тэракту. Бо акупанты на поўдні Украіны маюць прыблізна 160 000 вайскоўцаў асабовага складу. І такі тэракт цяпер значыў бы ўласнаручнае знішчэнне прынамсі шасцідзесяці адсоткаў гэтага кантынгенту.

«Пагроза менавіта такога здзяйснення тэрарыстычнага акту можа быць у перыяд, калі яны будуць пакідаць менавіта поўдзень. Гэта значыць пры адступленні, каб запаволіць наступ сіл абароны Украіны», – мяркуе Аляксандр Каваленка.

Запарожская АЭС.
Фота: 24 канал

А тым часам ЗСУ падыходзяць усе бліжэй да Крыму. Пад пятую гадзіну раніцы сілы абароны Украіны атакавалі адразу некалькі мастоў праз затоку Сываш на захадзе Азоўскага мора. Найбольш быў разбураны галоўны аўтамабільны мост, які мае важнае стратэгічнае значэнне і злучае Крымскі паўвостраў з мацерыком. Акупанты паспелі заявіць, што ў іх усё ў парадку.

«Бессэнсоўнае дзеянне па ўказцы з Лондану, зробленае кіеўскім рэжымам. Гэта нічога не вырашае для вынікаў спецаперацыі», – заявіў кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Херсоншчыны Уладзімір Сальда.

Пры гэтым Сальда прыгразіў атакаваць мост над Дунаем паміж Малдовай і Румыніяй. Неўзабаве зʼявілася рэакцыя Кішынэву.

«Рэспубліка Малдова рашуча асуджае пагрозы на адрас Малдовы з боку расейскага прадстаўніка ў акупаванай частцы Украіны. Адкрытыя пагрозы на адрас нашае краіны зусім непрымальныя. Амбасадар Расейскай Федэрацыі ў Малдове дасць тлумачэнні сёння ў МЗС», – заявілі ў МЗС Малдовы.

Палкоўнік запасу ЗСУ Раман Світан папярэджвае расейскіх акупантаў, што аўтамабільны мост у Чангары – гэта толькі пачатак:

«Наступ украінскіх войскаў, які пачаўся некалькі тыдняў таму, скончыцца выхадам на Керч і знішчэннем Крымскага моста і зачысткай Крыму. Калі гэтага не будзе, то і не трэба ўвогуле было рухацца з тых пазіцый, якія ў нас былі. Яны нашмат зручней. А раз мы пачалі рухацца, значыць наступная зручная пазіцыя – вызваленне Запарожскай, Херсонскай і Крымскай вобласцяў з зачысткай Крыму».

Раніцаю Генштаб Украіны паведаміў, што ЗСУ працягваюць наступальную аперацыю на трох напрамках: мэлітопальскім, бярдзянскім і ліманскім. І маюць пэўныя поспехі. У выніку для ўтрымання сваіх пазіцыяў расейцы мусілі падлучыць свае стратэгічныя рэзервы і нясуць цяжкія страты.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»