«Калонамі выязджаюць і вайскоўцы, і калабаранты». Кіраўнік «Енергоатому» – пра эвакуацыю расейцаў з Энергадару


Кіраўнік украінскага «Енергоатому» Пятро Коцін распавёў «Белсату» пра эвакуацыю расейцаў з Энергадару, дзе месціцца Запарожская АЭС. Паводле ягонай інфармацыі, «вайскоўцы і калабаранты» выязджаюць калонамі, а на самой электрастанцыі «Расатам» рыхтуецца да ўцёкаў у любы момант.

Запарожская АЭС падчас наведвання генеральным дырэктарам МАГАТЭ Рафаэлем Гросі. Запарожская вобласць, Украіна. 29 сакавіка 2023 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Эвакуацыя з Энергадару фактычна распачалася, заявіў у каментары «Белсату» кіраўнік «Енергоатому» Пятро Коцін. Ён спасылаецца на сведчанні жыхароў, а таксама работнікаў Запарожскай атамнай электрастанцыі, якія кажуць, што апошнім часам там значна паменела асобаў, якія былі там цягам года акупацыі.

«Змяншаецца колькасць захопнікаў. Таксама закрылася адміністрацыя Энергадару, ужо 10 дзён не працуе. Закрываюцца гэтак званыя гандэлікі – фактычна гаражныя домікі, што расстаўленыя па ўсім горадзе гэтымі рашыстамі, дзе сядзелі ўсе прыхільнікі гэтага «русского мира». Калонамі выязджаюць і вайскоўцы, і калабаранты», – распавёў Коцін.

Эвакуацыя таксама ладзіцца з суседніх сёл. А на самой Запарожскай АЭС рыхтуюцца да таго, каб з’ехаць у любы момант:

«На станцыі персанал «Расатама» ладзіць трэнаванні ў вельмі хуткай падрыхтоўцы да выезду, гэта значыць: каманда – і вельмі хутка ўсе збіраюцца і рассаджваюцца па машынах».

Каментар
Запарожская АЭС: працаўнікоў выкрадаюць, рызыкі для планеты ўзрастаюць
2022.10.03 15:38

Пры гэтым расейцы таксама вывозяць нарабаванае ў горадзе, сцвярджае суразмоўца «Белсату». У тым ліку – новыя машыны з аўтасалонаў.

«З’явілася вельмі шмат транспартных сродкаў непасрэдна на пляцоўцы станцыі, грузавых і легкавых машынаў, вайсковай тэхнікі. Шмат грузавой тэхнікі дзеля таго, каб вывозіць нарабаваную маёмасць, тое, што «адціснулі» у жыхароў, і машыны з салонаў», – кажа Коцін.

Кіраўнік «Енергоатому» Пятро Коцін.
Фота: Пятро Коцін / Facebook

Ён заявіў, што расейцы плануюць вывезці каля 3 тысячаў работнікаў АЭС, адпаведныя спісы складзеныя. Аднак недахопу персаналу дзеля забеспячэння бяспекі не будзе:

«Блізу 1,5 тысячы асобаў працягваюць працаваць на станцыі і захоўваюць вернасць Украіне. Мы разумеем, што яны нікуды не паедуць, і мы зможам іх выкарыстоўваць. І зараз мы фармуем каманды на іншых атамных станцыях, якія будуць гатовыя неадкладна выехаць на Запарожскую АЭС».

Hавiны
Упершыню за ўвесь час працы Запарожская АЭС цалкам адключылася ад энергасеткі
2022.08.25 18:49

Праблема ў тым, як хутка адмыслоўцы змогуць трапіць на станцыю, бо яна замінаваная, канстатаваў кіраўнік «Енергоатому».

«Яна замінаваная па перыметры, па тэрыторыі, яны замініравалі ўсё, што маглі. Найперш вайскоўцы туды зойдуць. Фактычна, як было на Чарнобыльскай станцыі, гэта займала ад трох тыдняў да месяца, калі цывільных туды пусцілі, якія могуць эксплуатаваць станцыю», – сказаў Пятро Коцін.

Апошнім часам, паводле ягоных звестак, ціск на мясцовых жыхароў і работнікаў Запарожскай АЭС сцішыўся, і яны чакаюць вызвалення.

«Ад 1 траўня сітуацыя больш-менш стабілізавалася. Усе нашыя людзі чакаюць, яны вельмі змучаныя там, выматаныя гэтым чаканнем і, шчыра кажучы, не дачакаюцца, калі гэта здарыцца», – падсумаваў суразмоўца «Белсату».

Энергадар і Запарожская АЭС захопленыя ў леташнім сакавіку.

5 траўня акупацыйныя ўлады Запарожскай вобласці заявілі пра эвакуацыю жыхароў 18 паселішчаў «у мэтах бяспекі».

Hавiны
Расея сабралася перасяліць 70 тысяч чалавек з акупаваных тэрыторыяў Запарожжа
2023.05.05 20:22

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў