КДБ: Спецслужбы Украіны планавалі забойствы дзяржаўных дзеячаў Беларусі


Лукашэнкаўскія спецслужбы раскрылі сетку ўкраінскіх агентаў, якія «перакідвалі ў Беларусь выбухоўку і зброю». Такую інфармацыю агучыў прадстаўнік КДБ Канстанцін Бычак.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У ходзе расследавання знойдзены і канфіскаваны тайнікі з агнястрэльнай зброяй і выбуховымі рэчывамі. Атрыманы даныя аб іх магчымым выкарыстанні пры падрыхтоўцы і ўчыненні выбухаў на прадпрыемствах нафтаперапрацоўчай прамысловасці. Падрыхтоўка і ўчыненне забойстваў дзяржаўных дзеячаў і журналістаў».

Гучную заяву Канстанцін Бычак зрабіў адмыслова для фільму дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1» з не меней гучнаю назваю: «Провал агента СБУ “Мангуста”. Как украинские спецслужбы пытаются взорвать Беларусь».

Фільм пабудаваны на аповедзе грамадзяніна Украіны Вячаслава Бародзія падчас ягоных допытаў супрацоўнікамі лукашэнкаўскіх спецслужбаў і следчых захадаў. У сюжэце сцвярджаецца, што Бародзій – агент СБУ і ГУР Украіны з пазыўным «Мангуст».

«Такое адчуванне, што спрабавалі проста навешаць максімальную колькасць ярлыкоў. Але забыліся, што ў нас яшчэ ёсць служба знешняй выведкі. Ну, значыць, забыліся пра іх. Маглі яшчэ і яе паказаць. Але яшчэ раз. На практыцы я такога не сустракаў. Так, вось ёсць людзі, якія працуюць з ваеннай разведкай. Якія працуюць з контрвыведкай. Ну так, каб разам і так сябе абазначаў – я не сустракаў!», – кажа вайсковы аналітык і былы супрацоўнік СБУ Іван Ступак.

На відэазапісах мужчына расказвае, што гэта менавіта ён перапраўляў зброю і выбухоўку ў нашую краіну.

«Вось у сілавікоў ёсць аддзел па барацьбе са злачыннасцю. З унутранымі там, са знешнімі ворагамі. А ёсць аддзел які называецца “прэса”. Складаецца адно з самых асноўных, ну, такіх пластоў сённяшняй беларускай дзяржаўнай прапаганды. Паўсюль – ворагі, усе спрабуюць падарваць нашую стабільнасць рознымі шляхамі», – тлумачыць палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак КДБ у Менску.
Фота: БелТА / belta.by

Паказалі айчынныя прапагандысты і допыты двух беларускіх грамадзянаў, якія нібыта на тэрыторыі нашай краіны прымалі пакінутыя для іх пасылкі і адвозілі іх у адмысловыя тайнікі. Гэта Мікалай Ласоўскі і Валянціна Полаз. Супрацоўнікі арганізацыі «BELPOL» пацвердзілі, што гэта рэальныя людзі, і далі нам пра іх інфармацыю:

Мікалай Ласоўскі. Ён працаваў кіроўцам у дзіцячай моладзевай спартовай школе. Валянціна Полаз нарадзілася ў Жытомірскай вобласці Украіны і беларускае грамадзянства атрымала толькі ў 2017-ым годзе. Працавала ветэрынарам у Ельску. З 2016-га да 2020-га жанчына здзейсніла 25 паездак ва Украіну.

«Ва ўмовах вайны, якую вядзе Украіна з Расеяй, Беларусь з’яўляецца агульна прызнаным суагрэсарам. Як мінімум найбліжэйшым такім адзіным саюзнікам Расеі. Таму Украіна можа разглядаць Беларусь у якасці ворага. І адпаведна да ворага могуць быць і адпаведныя дзеянні», – кажа Віталь Цыганкоў.

Не выключае гэтага і былы супрацоўнік СБУ Іван Ступак. Але…

«Я ж не магу адразу адкідаць: да ну, гэта ўсё выдумкі. Ну, тэарэтычна, можа быць. Ну, агент дзвюх разведак. Можа быць? Можа быць! Ці маглі перапраўляць выбухоўку? Не выключаю. Магло і такое быць. Мы не ведаем, мы там не стаялі і свечку не трымалі. Але калі сказалі, што ўкраінскія спецслужбы хацелі замахвацца на жыццё дзяржаўных дзеячаў і журналістаў Рэспублікі Беларусь – гэта ўсё бурыць проста кардынальна ўсё тое, што было сказана раней», – кажа Ступак.

Ён тлумачыць, што Украіну задавальняе статус-кво паміж Менскам і Кіевам. Ракеты з тэрыторыі нашай краіны па Украіне цяпер не запускаюцца. А падобныя дзеянні, пра якія заяўляюць у КДБ, маглі б пазбавіць Кіеў вайсковай дапамогі Захаду.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»