У Менску ўводзяць сістэму прыярытэтнага праезду грамадскага транспарту


Менская ДАІ пачала тэставаць сістэму прыярытэтнага праезду скрыжаванняў грамадскім транспартам. Пакуль што паводле такой схемы ездзяць толькі трамваі, але ў выпадку станоўчых вынікаў на яе перавядуць аўтобусы і тралейбусы. Навошта гэта трэба?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Строга паводле раскладу і без затораў на святлафорах – менавіта так мусіць працаваць уся сістэма грамадскага транспарту ў Менску. У перспектыве і паводле задумы сталічнай ДАІ, дапамагчы мусіць адмысловая сістэма прыярытэтнага праезду. Калі аўтобус, тралейбус ці трамвай будзе адставаць ад свайго графіку, ён зможа пры пад’ездзе да скрыжавання запытаць зялёнае святло.

«Аўтобус праехаў – цыкл працы святлафора нармалізуецца паводле штатнага рэжыму. Далей праграмнае забеспячэнне зноў аналізуе графік. І калі транспарту трэба яшчэ раз праехаць святлафор з прыярытэтам, сістэма зноў запытае такую магчымасць. Мы прыводзім у адпаведнасць хуткасць язды і захаванне графіку. У будучыні гэта дазволіць, у тым ліку, адчувальна зменшыць інтэрвалы», – тлумачыць намеснік начальніка УДАІ ГУУС Менгарвыканкаму Дзяніс Лівановіч.

На распрацоўванне сістэмы для аптымізацыі руху грамадскага транспарту пайшло 10 гадоў. Для яе стварэння спалучылі сістэму навігацыі «Менсктрансу» і аўтаматызаваную сістэму кіравання дарожным рухам, якую мае ДАІ.

Падобная сістэма паспяхова функцыянуе ў Варшаве, распавядае ўладальнік аўтасэрвісу ў польскай сталіцы Сяргей:

«Для аўтамабілістаў гэта ніяк не сказваецца, тут проста прастаяў 20 секунд болей, чым трэба, і тое, гэта не заўсёды. То бок прастаяў толькі 20 секундаў і ў мяне загарэлася зялёнае святло – я паехаў. Таму грамадскі транспарт і аўтамабіліст як у паралельных сусветах, ездзім кожны па сваёй дарозе і мы адзін аднаго не кранаем».

Што добра для грамадскага транспарту, можа адмоўна адбіцца на раварыстах і пешаходах, звяртаюць увагу беларускія  ўрбаністы:

«Пешаходы, людзі з дзіцячымі вазкамі і на роварах – то бок найбольш экалагічныя ўдзельнікі гарадской мабільнасці – дакладна не атрымваюць нічога добрага, а толькі рызыкуюць больш чакаць на святлафоры магчымасці перайсці праспект».

Тэставанне прыярытэтнай сістэмы для грамадскага транспарту пачалі на менскіх трамвайных лініях. Пры дапамозе яе сталічная ДАІ хоча папулярызаваць грамадскі транспарт. На думку нашага суразмоўцы Сяргея, гэта можа спрацаваць у выпадку, калі аўтобусы, тралейбусы і трамваі будуць хадзіць строга паводле раскладу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтобус. Барысаў, Беларусь. 9 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

«На аўтамабілі спрагназаваць паездку цяжка, бо коркі ў вялікіх гарадах вялікія і мы не ведаем, колькі часу сыдзе на тое, каб прастаяць у корках, а грамадскі транспарт ідзе амаль без корак і гэта цудоўна, я за», – лічыць уладальнік аўтасэрвісу ў Варшаве Сяргей.

«Менсктранс» у сваю чаргу ўжо гатовы да павелічэння патоку пасажыраў.

«Сёлета “Менсктранс” будзе набываць 10 тралейбусаў 20 трамвайных вагонаў і 10 электробусаў. Усё вытворчасці нашага заводу Белкамунмаш і аўтамабільнага заводу МАЗ», – зазначае гендырэктар «Менсктрансу» Алег Дзюбенка.

Паводле ДАІ, на вуліцах Менску застаецца яшчэ 800 тысяч аўтамабіляў. Праз папулярызацыю грамадскага транспарту ДАІ разлічвае панізіць не толькі гэтую лічбу, але і аварыйнасць.

Аліна Скрабунова, «Белсат»