Італія гаворыць «не» сінтэтычнай ежы


Мясцовая Асацыяцыя сельскагаспадарчых вытворцаў сцвярджае, што лабараторна створаныя харчы могуць быць небяспечнымі для здароўя і пагражаць харчовай вытворчасці краіны. Іхныя апаненты асцерагаюцца, што Італія не будзе ў трэндзе апошніх навуковых даследаванняў. Якія тэхналагічныя навінкі развівае Еўропа ў харчовай галіне і як беларуская прапаганда каментуе інавацыйныя захады?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Не паляпшае здароўя і не забяспечвае якасці. Гэтак італьянскія ўлады абгрунтоўваюць забарону сінтэтычных прадуктаў. Паводле імунолага і дыетолага Людмілы Ганчаровай, у вырашчанай з клеткавых культураў ежы няма нічога небяспечнага. Яна ўтрымлівае той жа самы бялок ялавічыны, ці малака, ці прадуктаў расліннага паходжання, як і натуральны.

«Але абавязкова трэба ведаць, з якіх клеткавых структур вырашчаны той ці іншы прадукт. І таму, калі не вядома, адкуль сыравіна, то не магчыма прагназаваць, які будзе эфект на арганізм. Таму італьянцы забілі трывогу», – кажа экспертка.

Некаторыя спецыялісты лічаць, што лабараторнае мяса дапаможа абмежаваць традыцыйную жывёлагадоўлю, бо яе вынік – парніковыя газы ў атмасферы. Да таго ж з ростам насельніцтва планеты з дапамогаю сінтэтычнай ежы лягчэй накарміць людзей. Як кажа, Людміла Ганчарова, у вытворчасць сінтэтычных прадуктаў укладаюць цяпер вялікія грошы.

Еўрапейскія краіны актыўна развіваюць і іншыя новыя тэхналогіі ў харчовай індустрыі. Гэтак, у пачатку года Еўразвяз выдаў дазвол на продаж мукі з цвыркуноў і лічынак мучнога бурага хрушчака. Але ў беларускай прапаганды зусім іншы погляд на такі тэхналагічны прагрэс. Паводле яе, бедныя еўрапейцы вымушаныя есці абы-што, бо галадаюць. Гэтак, у эфіры каналу «Беларусь 1» прычынаю называюць дзеянні еўрапейскіх палітыкаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мяса на прылаўку. Менск, Беларусь. 24 лютага 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Тэматыку, звязаную з харчаваннем, беларуская прапаганда ставіць у адзін шэраг з іншымі сферамі. Гэтак, паводле яе, узімку ў Еўропе людзі замярзаюць, а цэны растуць на ўсё.

Паводле словаў публіцыста, медыяэксперта Севярына Квяткоўскага, прапагандысты вярзуць сваю лухту на расейскі манер апошнія тры гады, робяць гэта вельмі тупа, у тым ліку з ежай тут не выключэнне.

Галоўны пасыл жа такіх прапагандысцкіх матэрыялаў – на Захадзе ўсё кепска, а ў Беларусі ўсё добра. Сэнс такой прапаганды, кажа

Севярын Квяткоўскі, змена структуры грамадства. Але ў іх не надта гэта атрымліваецца.

Дык ці насамрэч галадаюць людзі ў Еўропе? Наадварот, эколагі называюць цяпер праблемаю тое, што выкідваецца вельмі шмат ежы. Гэтак, паводле статыстычнага агенцтва «Еўрастат», сярэднестатыстычны еўрапеец выкідвае 131 кілаграм ежы за год.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»