Чыгун, алмазы і прапан. Еўразвяз абмяркоўвае новыя санкцыі


Еўразвяз прыступіў да абмеркавання новых антываенных санкцыяў, але гэта пакуль сакрэт. Не Палішынэля, а Жузэпа Бурэля. Сакрэт, пра які Расея і рэжым Лукашэнкі мусяць даведацца. Прынамсі, усе медыі спасылаюцца на свае крыніцы ў дыпламатычным асяроддзі, дзе паведамляюць пра дакумент з подпісам галоўнага еўрапейскага дыпламата, разасланы Еўракамісіяй дзяржавам Аб’яднанай Еўропы. Што туды можа ўвайсці?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Еўразвяз пакажа Пуціну неба ў алмазах. Як паведамляюць аўтарытэтныя заходнія медыі са спасылкай на свае крыніцы, Еўракамісія прапанавала нарэшце забараніць пастаўкі алмазаў з Расеі, як гэта ўжо зрабілі Злучаныя Штаты. У праекце 12-га санкцыйнага пакету таксама стаіць забарона расейскіх чыгуна, медзі, алюмініевых дратоў і фольгі. Сярод зусім новых пазіцыяў – забарона расейскага звадкаванага газу – то бок паставак прапану-бутану, якім запраўляюць аўтамабілі, – а таксама жорсткі кантроль расейскіх нафтавых танкераў у Балтыйскім моры.

«Юрыдычная падстава – забарона на страхаванне грузаў, якія не трапляюць пад коштавы максімум. Гэта стварае юрыдычныя магчымасці, каб Данія правярала гэтыя грузы, і не дапускала тыя, што не трапляюць пад гэтыя крытэрыі», – тлумачыць украінскі палітолаг Пятро Алэшчук.

Калі чарговы пакет прымуць, то Данія зможа інспектаваць і пры патрэбе блакаваць расейскія танкеры, якія спрабуюць абысці цэнавы максімум і пастаўляць нафту даражэй, чым 60 долараў за барэль. Еўрапейскія страхавыя кампаніі і так не выдаюць такім танкерам страхоўку. А Данія зможа спыняць караблі, застрахаваныя ў іншых краінах.

У Крамлі пакуль рэагуюць асцярожна.

«Варта загадзя ўсіх папярэдзіць аб неабходнасці выканання ўсіх правілаў міжнароднага гандлёвага суднаходства», – пракаментаваў навіны прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

Дацкія тэрытарыяльныя воды – адзіны шлях для расейскіх танкераў у Балтыйскім моры. І менавіта тут возяць дзве траціны расейскай танкернай нафты.

Расея, хутчэй за ўсё, знойдзе іншы шлях абыходу, але гэта новыя клопаты і вялізныя выдаткі, тлумачыць Пятро Алэшчук. Бо любое абыходжанне санкцыяў патрабуе грошай, якія маглі б пайсці на вядзенне вайны.

«Санкцыі зніжаюць магчымасці РФ у вядзенні вайны. Таму трэба іх захоўваць, узмацняць, сачыць за іх выкананнем. Бо, канешне, яны ўплываюць», – падкрэслівае ўкраінскі палітолаг.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Санкцыі супраць Расеі. Крыніца: centralasia.media

Чакаецца, што такім чынам Еўразвяз будзе закрываць ранейшыя санкцыйныя прарэхі, і караць трэція краіны, што дапамагаюць Лукашэнку з Пуціным абыходзіць абмежаванні. Таксама, як вынікае з рэзалюцыі, прынятай Еўрапарламентам раней, могуць зʼявіцца новыя абмежаванні на ўгнаенні з Расеі і Беларусі. А для Лукашэнкі гэта ўсё – страты.

«Гэтыя сродкі дазвалялі ўтрымліваць свой апарат, сілавікоў, бяспеку, спецслужбы, КДБ, ГУБАЗіК. З гэтых грошай ён фінансаваў тых, хто абараняе ўладу», – кажа старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Падчас візіту ў Турцыю міністр замежных справаў Лукашэнкі заяўляў, што Анкара будзе лабіяваць адмену санкцыяў адносна «Беларуськалію» на Захадзе. І ўвогуле туркі ўжо купляюць у Лукашэнкі калійную соль. Але Турцыя не можа замясціць ранейшых шматмільярдных абʼёмаў гандлю з Еўразвязам.

«Яму – Лукашэнку – найбольш баліць ад 4-х тыпаў санкцыяў: угнаенні, найперш калійныя, нафтахімічны комплекс, транзіт і “Белавія”. І “Белавія” – не толькі эканамічная страта, але і пытанне легітымнасці самога Лукашэнкі», – нагадвае Франак Вячорка.

Але новы пакет мусяць ухваліць усе 27 краінаў Еўразвязу. Спачатку гэта будзе ўзровень амбасадараў – ужо ў гэтую пятніцу.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»