Чаму Беларусь нарасціла гандаль з Турцыяй?


Турцыя гатовая дапамагаць рэжыму Лукашэнкі ў зняцці санкцыяў з беларускага калію, сцвярджае кіраўніцтва беларускага МЗС. Акрамя таго, імкліва расце таваразварот паміж краінамі. Ці ёсць шанец, што Анкара сапраўды выведзе Менск з-пад калійных санкцыяў? І чаму Турцыя і Беларусь сталі больш гандляваць?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Знайшлася краіна, гатовая спрыяць Менску ў зняцці абмежаванняў на экспарт калійных угнаенняў – распавёў дзяржаўнаму тэлебачанню міністр замежных справаў Сяргей Алейнік.

«Турцыя цалкам пацвердзіла гатовасць спрыяць нам у прасоўванні і зняцці абмежаванняў на калійныя ўгнаенні», – кажа міністр.

«Магчымасць зняцця санкцыяў з беларускага калію мне сёння здаецца даволі малаімавернай. Бо рашэнне ўвесці сектаральныя санкцыі прымалася на ўзроўні Еўразвязу. Турцыя не сябра Еўразвязу. Таму калі яна і можа лабіяваць, то хіба што праз персанальныя кантакты або кропкава праз пэўных палітыкаў», – мяркуе Паўло Радзь, малодшы даследнік рады вонкавай палітыкі «Украінская прызма».

Паводле палітыка Паўла Латушкі, санкцыі супраць калію аказаліся эфектыўнымі. Рэжым страціў значную частку ранейшых даходаў ад яго экспарту.

«Аб’ём скараціўся на 20-45 %. Калі ж мы кажам пра даходы, то яны скараціліся, магчыма, нават на 70 %».

Адна з прычынаў – цэны на калій, што за год упалі ў два з паловаю разы. А таксама лагістычныя складанасці пры яго вывазе праз расейскія парты, кажуць у Народным антыкрызісным упраўленні. Нагадаем, блізкія літоўскія – для менскага рэжыму цяпер закрытыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія калійныя ўгнаенні.
Фота: БелТА

Затое пасля паездкі ў Турцыю Алейнікаў аптымістычна распавядае пра эканамічную супрацу. Менск абяцае тамтэйшым партнёрам прэферэнцыі ў беларускіх свабодных эканамічных зонах. І асаблівы ільготны рэжым у індустрыйным парку «Вялікі камень». Распрацоўваецца беларуска-расейска-турэцкі праект будаўніцтва ў горадзе Кіліс заводу жалезабетонных канструкцыяў – піша блізкі да беларускага МЗС тэлеграм-канал.

У 2019-м Лукашэнка і Эрдаган казалі пра неабходнасць нарасціць таваразварот з Турцыяй да паўтара мільярда долараў. План, падобна, перавыканалі. У НАУ рэкорд звязваюць з абыходам санкцыяў. Турцыя – зручны хаб. Бо блізка да Еўропы і ёсць магчымасць захоўваць тавары на складах без аплаты мыта.

«Гэта дазваляе кампаніям легальна эканоміць да 20 % на падатках і прыхоўваць ад ЕЗ канцавога атрымальніка, паказваючы ім у мытнай дэкларацыі Турцыю», – распавядае дарадца ў стратэгічным планаванні НАУ Анжаліка Мельнікава.

Напрыклад, Беларусь гэтак прадавала праз Турцыю падсанкцыйны металапракат, кажа яна. А купляла – заходняе прамысловае абсталяванне.

«Адзіныя сапраўдныя атрымальнікі выгады ад гэтага папяровага росту – за кошт падзення таваразвароту з традыцыйнымі партнёрамі – гэта пасярэднікі і лагістычныя кампаніі. Звычайна звязаныя з рэжымам», – кажа Анжаліка Мельнікава.

На чыю карысць гандлёвы баланс паміж Беларуссю і Турцыяй – міністр Алейнік у інтэрвʼю не распавёў. Але вядома, што яшчэ пазалетась нашая краіна больш імпартавала адтуль, чым прадавала туды.

Валянцін Васіленка, «Белсат»