Футбольны чэмпіянат стартаваў у найвышэйшай лізе


Нарэшце, дачакаліся. Двума матчамі сёння стартаваў трыццаць чацвёрты чэмпіянат краіны па футболе ў найвышэйшай лізе. У параўнанні з мінулым годам, сёлета ў першынстве будзе цотная колькасць камандаў – шаснаццаць. Якія прагнозы на чэмпіёнства, і чаго ўвогуле чакаць ад сёлетніх футбольных баталіяў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пачатак новага футбольнага сезону – чаканні і перыяд надзеяў для шчырых заўзятараў. У барацьбе за тройку айчыннага першынства вылучаецца адразу некалькі камандаў. Леташні чэмпіён, менскае «Дынама», у міжсезонні застаўся без шэрагу ключавых футбалістаў.

«”Дынама” нікога, натуральна, узяць не можа, бо на чатыры тысячы долараў нармальны легіянер не паедзе, а ўнутры рэсурсу для футбалістаў ужо няма. Цяжка ім будзе тытул заваяваць, калі які-небудзь адміністрацыйны рэсурс не ўключыцца», – распавёў трэнер, былы гулец моладзевай зборнай Беларусі Яўген Вяроўка.

«Нёман» летась заваяваў срэбраныя медалі. Да таго ж лепш, чым усе нашыя клубы, выступіў у еўракубках. У міжсезонні гарадзенцы ўзмацніліся як беларусамі, так і камерунцам Леанарам Шатэлінам Гўэтам. Ці зможа Ігар Кавалевіч нарэшце прывесці «Нёман» да золата?

«На мой погляд, Кавалевіч – трэнер для таго, каб выводзіць каманды з псіхалагічнага крызісу, сумных станаў. Усё ж трэнерскіх, прафесійных якасцяў яму наўрад ці хопіць, каб зрабіць “Нёман” чэмпіёнам. Хаця там каманда, на цяперашнія беларускія меркі, нядрэнная. Будуць змагацца», – падкрэсліў трэнер, былы гулец моладзевай зборнай Беларусі Яўген Вяроўка.

Узгадаем і пра колішніх грандаў, адзін з якіх цяпер выступае ў ролі сярэднячка, а другі – увогуле змагаецца за выжыванне. У барысаўскі БАТЭ вярнуўся Ігар Крывушэнка. Зімой клуб страціў многіх гульцоў асновы, не багатыя «жоўта-блакітныя» і на пачаткоўцаў з вядомымі прозвішчамі. Якая ж роля чакае БАТЭ ў сёлетнім сезоне?

«Ігар Крывушэнка – гэта імя ў беларускім трэнерскім цэху. Але ты не зможаш зрабіць унікальнай каманды, калі ў цябе няма кадраў. Мы бачым, што пасля смерці Анатоля Капскага БАТЭ скочваецца да сярэдняга беларускага ўзроўню», – распавёў спартовы аглядальнік Алесь Баразенка.

І ўрэшце, салігорскі «Шахцёр», які зноў пачынае выступ са значнага мінусу ў балах, цяпер гэта мінус дваццаць. У клубе новы трэнер, замест Аляксея БагіСтаніслаў Сувораў. Чаго чакаць ад гэтае каманды?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Футбольны клуб «Шахцёр» на матчы з «Гомлем». 27 кастрычніка 2021 года.
Фота: Fcshakhter.by

«Такі мінус, з якім стартуе “Шахцёр”, – ён не дазваляе думаць пра нейкія высокія месцы. Але я б не загадваў і не ставіў нейкіх прагнозаў на радок у турнірнай табліцы. Бо ўзровень у чэмпіянаце Беларусі вельмі нізкі, канкурэнцыя – таксама нізкая, і мы ведаем, як робяцца справы ў нашым першынстве. Таму нейкае магчымае фінансавае стымуляванне дапаможа “Шахцёру” ўзняцца вышэй», – кажа спартовы аглядальнік Алесь Баразенка.

Беларуская федэрацыя футболу назвала свой сёлетні бюджэт. Ён будзе прафіцытным і перавысіць леташні на 17 адсоткаў. Чакаюцца паступленні ад УЕФА, на суму, крыху большую за 22 мільёны, продаж тэлевізійных правоў на 9 мільёнаў і рэкламных паслугаў на 3 мільёны. Тым не менш шыкаваць, відавочна, не атрымаецца:

«Ніхто не павінен атрымліваць ніякіх шалёных грошай. У адваротным выпадку вы будзеце ўсе пазбаўленыя льготаў. Клубы на сваіх чыноўнікаў і іншых набліжаных мусяць зарабляць грошы самі. Няхай ідуць і просяць у спонсараў», –  зазначыў Аляксандр Лукашэнка.

Турнірны шлях камандаў толькі распачаўся. Заўтра ў праграме першага туру значацца тры матчы. «Менск» прыме БАТЭ, «Нёман» згуляе з «Нафтанам», а «Смаргонь» адправіцца ў госці да менскага «Дынама». Завяршыцца першынство 30-га кастрычніка.

Павел Алейнікаў, «Белсат»