Лукашэнка раскрытыкаваў беларускі спорт


Спартовыя вынікі не адпавядаюць укладанням дзяржавы. Лукашэнка пад пагрозаю звальнення і пазбаўлення льготаў даручыў навесці парадак у спартовых клубах. Каб ніхто не атрымліваў «шалёных грошай». Аднак столю заробкаў, што была ў беларускім футболе з 2021 года, сёлета і так панізілі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Максімальны заробак гульца знізіўся з 6800 рублёў да 4900. Гулец зборнай замест 18 тысяч цяпер можа разлічваць на 15. Заробак галоўнага трэнера не дацягвае да 10 тысяч. Старэйшыя трэнеры, адміністратары, дактары ды іншыя працаўнікі клубаў могуць атрымаць не больш за 3200. Паводле Лукашэнкі, клубы мусяць не чакаць дзяржаўнага фінансавання, а зарабляць самі. Але ці магчыма ў нашых умовах выйсці на самаакупнасць? Былы футбаліст Яўген Вяроўка прыводзіць прыклад клубу «Энергетык-БДУ».

«Гэта запрашэнне невядомых маладых хлопцаў, наладжаная структура клуба, заробкі па 100-200 долараў, а затым – продаж іх у замежныя клубы. Зарабляць зараз можна толькі праз такую схему», – заявіў былы футбаліст, трэнер Яўген Вяроўка.

Яшчэ адзін спосаб зарабіць – удзел у еўракубках. Аднак апошні ўдзел у групавой стадыі датаваны 2018 годам. Тады барысаўскі БАТЭ зарабіў каля трынаццаці мільёнаў еўраў. Цяпер беларускія клубы высокіх спартовых вынікаў не паказваюць. Як і нацыянальная каманда. Зборная Беларусі займае сёння 95 месца ў рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі футболу. Хаця ў рэкордным 2011-м была 36.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гульня паміж Румыніяй і Беларуссю на стадыёне «Нацыянальны». Бухарэст, Румынія. 28 сакавіка 2023 года.
Фота: team.abff.by

«У тыя часы мы лёгка перамагалі невялікія краіны. Але яны развіваюцца, а мы – дэградуем. Таму зараз прайграем і ім», – дадае Яўген Вяроўка.

Пракаментаваў Лукашэнка і адхіленні спартоўцаў ад міжнародных спаборніцтваў. Паводле яго, дастаткова спаборнічаць і ў Расеі, якая «самая спартовая, наймацнейшая дзяржава ў свеце». А беларусам для шчасця, маўляў, дастаткова перамогі над расейцамі ў любым спорце.

«Лукашэнку хацелася б уяўляць, што яны могуць з расейцамі арганізаваць высокага ўзроўню спаборніцтва. Але зараз каньюктура сусветнага спорту з савецкага часу змянілася. Цяпер гэта немагчыма. Самі расейцы выюць, што іх не дапусцілі да міжнародных спаборніцтваў», – заявіў журналіст «Белсату» Зміцер Міцкевіч.

Паводле вынікаў нарады чыноўнікі збіраюцца пераглядзець усю сістэму рыхтавання спартоўцаў, пачынаючы з дзіцячага спорту. Чаму старая сістэма стала неэфектыўнай і хто ў гэтым вінаваты, у Мінспорту не паведамілі.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»