Ці здадуць іспыт футбольныя трэнеры перад спецыяльнай камісіяй?


Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футболу» зрабіла новаўвядзенне для трэнераў найвышэйшай і першай ліг. Цяпер настаўнікам трэба абараняць гадавыя планы развіцця камандаў перад спецыяльнай камісіяй. У яе мусілі ўвайсці кіраўнікі асацыяцыі, прадстаўнікі Міністэрства спорту, а таксама спецыялісты ў навукова-метадычнай працы і дасведчаныя беларускія трэнеры. Навошта зрабілі такія іспыты для коўчаў, а галоўнае, які плён прынясе справаздача трэнера на практыцы?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларускія футбольныя рэаліі: хочаш працаваць трэнерам – распавядзі камісіі пра свой гадавы план. Уводзіцца такая практыка, нібыта, з мэтаю вызначыць вектар развіцця айчыннага футболу і нацыянальных камандаў. Таксама, паводле Беларускай федэрацыі футболу, гэта дазволіць зразумець спецыфіку рыхтавання кожнага клубу і своечасова залагоджваць магчымыя праблемы.

«У нас ужо стала звычайным тонам параўноўваць нейкія захады, што прымае федэрацыя ці іншыя дзяржаўныя органы, з савецкім перыядам. Тут сапраўды напрошваюцца паралелі, і яны відавочныя, з Савецкім Саюзам. Гэта нешта вельмі дзіўнае, і я ўпэўнены, што залагодзіць цяперашнія праблемы беларускага футболу немагчыма ніякімі гадавымі планамі», – падкрэсліў журналіст радыё «Свабода» Арцём Сізінцаў.

Справаздача футбольных трэнераў для камісіі ў прэсе не афішавалася. А калі мы патэлефанавалі ў Міністэрства спорту, каб даведацца, ці насамрэч існуе такі орган, нас запэўнілі, што ніякай камісіі не стваралася.

«Няма ў нас нічога такога, што трэнеры мусяць здаваць нейкія іспыты, не. На плоце таксама шмат чаго напісана, гэтаму ж не варта верыць. Тое, што ёсць план мерапрыемстваў дзеля выхаду з цяперашняга становішча ў беларускім футболе, так, ёсць такі план. Але каб камісійна, трэнера, – няма такога», – зазначыла прадстаўніца Міністэрства спорту Беларусі.

У рэальнасці ўжо вядома як мінімум пра адное паседжанне, дзе пра свае планы рапартавалі трэнеры «Іслачы», «Шахцёра», «Смаргоні» і «Менску». У камісіі было сямёра чальцоў, сярод публічных асобаў адзначым старшыню АБФФ Мікалая Шарстнёва і ягонага намесніка Андрэя Васілевіча, трэнера Веніяміна Арзамасцава, кіраўніка Менскай гарадской федэрацыі футболу Юрыя Вяргейчыка.

«Трэнер расказвае пра нейкія свае планы, як будзе працаваць футбольны клуб, як яны будуць зарабляць грошы і гэтак далей. Але слухачы не будуць увогуле нічога разумець. Гэта праца дзеля працы», – распавёў былы гулец моладзевай зборнай Беларусі Яўген Вяроўка.

Новаўвядзенне прыдумаў Анатоль Юрэвіч, які атрымаў пяцігадовую дыскваліфікацыю за футбольныя махінацыі, але застаецца дарадцам міністра спорту Сяргея Кавальчука. Паводле крыніцаў «Белсату», у федэрацыі гэтая ініцыятыва не выклікала захаплення, аднак адбіцца ад яе не ўдалося. Нельга не ўзгадаць і пра няпростыя адносіны паміж Міністэрствам спорту і футбольнай асацыяцыяй, якія на мінулым тыдні каментаваў Лукашэнка.

«Але мяне што абурае. Аказваецца, новы кіраўнік федэрацыі нечага не падзялілі з міністрам спорту. Яны не могуць працаваць адзін з адным? Цуд, ды там жа дзяліць няма чаго. Увогуле, хлопцы: сёлета не будзе па відах спорту прагрэсу і нармальных паказнікаў – на пасады і крэслы не разлічвайце», – кажа Аляксандр Лукашэнка.

Інфармацыя пра камісію і абарону планаў падавалася клубам не для абмеркавання, а як новы факт рэчаіснасці. Усё зводзіцца да таго, што трэнер мусіць раскрыць нюансы і тонкасці сваёй працы перад людзьмі, якія затым могуць гэтым падзяліцца з кім заўгодна, у тым ліку з прадстаўнікамі клубаў-канкурэнтаў.

Зборная Беларусі па футболе
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Трэніроўка беларускай зборнай па футболе перад матчам з камандай Косава.
Фота: belarus_football_team / Instagram

«У кожнага трэнера, у кожнай саліднай каманды, якая сябе паважае, у кожнага спецыяліста, які хоча нечага дабіцца ў футболе, у спорце мусіць быць план. Аднак узгадняць яго з федэрацыяй ці з якім-небудзь надглядным органам – гэта даволі дзіўна і не патрэбна», – паведаміў журналіст радыё «Свабода» Арцём Сізінцаў.

На думку былога гульца моладзевай зборнай Беларусі Яўгена Вяроўкі, такія метады дакладна не змогуць палепшыць узроўню футболу, а адпаведна, і вынікі клубаў.

«Патрэбны нейкі вызначаны фармат для развіцця, лімітаў не мусіць быць, якія яны ўсталёўваюць. Мусяць працаваць у клубах людзі, якія маюць дачыненне да футболу, людзі, якія разумеюць у гэтым. Грошай няма, фінансаў няма. У эканамічным плане ў краіне будзе ўсё горш і горш рабіцца. І на футбол, сапраўды, грошай хапаць не будзе», – удакладніў былы гулец моладзевай зборнай Беларусі Яўген Вяроўка.

Ці палепшыць эфектыўнасць гульні клубаў такая захада і ці прыжывецца яна надоўга ў беларускім футболе – пакажа час.

Павел Алейнікаў, «Белсат»