Беларусь і Украіна прымаюць удзел у форуме ў Давосе


Беларуская дэлегацыя ўжо другі раз прыме ўдзел у Сусветным эканамічным форуме ў Давосе. Але ў Швейцарыю паляцеў не Аляксандр Лукашэнка ці ягоныя міністры, а Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі. Яны ўжо ў Давосе, як і Уладзімір Зяленскі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ажно 5 тысячаў швейцарскіх вайскоўцаў і сотні адзінак бранятэхнікі ахоўваюць спакой швейцарскага курортнага гораду Давос. Ахоўваюць не толькі ад пратэстаў – у Давосе цяпер праводзяць дэманстрацыі кліматычныя актывісты, антыглабалісты ды праціўнікі капіталу ў прынцыпе. Але і ад магчымых тэрарыстычных і ваенных пагрозаў Сусветнаму эканамічнаму форуму.

«Гэта знакавая падзея, адзін з найбуйнейшых эканамічных і бізнес-форумаў у свеце, у якім бяруць удзел тысячы прадстаўнікоў самага высокага ўзроўню. Узроўню прэзідэнтаў, прэм’ераў, міністраў розных краінаў з усяго свету, кіраўнікоў найбуйнейшых карпарацыяў і банкаў», – тлумачыць віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) Алесь Аляхновіч.

У Швейцарыю ў панядзелак прыбыў Уладзімір Зяленскі. Украінскі прэзідэнт сустракаецца са швейцарскім калегам і з іншым кіраўніцтвам дзяржавы і выступае ў Давосе. Глебу для Зяленскага падрыхтаваў міністр абароны, які запрапанаваў тут жа распрацаваць міжнародны механізм вывядзення расейскіх войскаў з Украіны на ўзроўні міністраў абароны і дарадцаў у нацыянальнай бяспецы.

«Нашая стратэгічная мэта – выйсці да межаў 1991 года. Нашыя вайсковыя мэты заўжды ўкладаюцца ў план, узгоднены з партнёрамі. Такім чынам мы ўжо вярнулі палову нашае тэрыторыі», – заявіў міністр абароны Украіны Рустэм Умераў.

Вывад расейскіх войскаў – адзін з 10 пунктаў Украінскай формулы міру, якая ўжо абʼяднала 83 краіны свету, падкрэсліў ён.

Саміт, прысвечаны ўкраінскай «формуле міру». Давос, Швейцарыя. 14 студзеня 2024 года.
Фота: Андрій Єрмак / Telegram

«Галоўная задача Украіны ў цяперашняй сітуацыі – падтрыманне прысутнасці ў інфармацыйнай прасторы тэмы Украінскай формулы міру. Такім чынам Украіна перабівае пастаянныя маніпуляцыі з боку Расеі, якая, хоць і зʼяўляецца краінай-агрэсарам, пастаянна ўкідвае тэзісы, што яны нібыта гатовыя да перамоваў, а Украіна іх нібыта не хоча», – тлумачыць палітолаг, прафесар Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэту імя Т.Шаўчэнкі Пятро Алэшчук.

Украінская формула міру – ініцыятыва і дыпламатычная платформа, што прадугледжвае неабходнасць: радыяцыйнай і ядравай бяспекі, харчовай і энергетычнай бяспекі, вызвалення ўсіх палонных і дэпартаваных украінцаў, у тым ліку вывезеных дзяцей, аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, вывядзення расейскіх войскаў, вяртання справядлівасці, супрацьдзеяння экацыду, недапушчэння эскалацыі і ўрэшце фіксацыі сканчэння вайны.

Крэмль гэтыя прапановы ігнаруе, у тым ліку ў Давосе.

«Мы там не ўдзельнічаем. А без нашага ўдзелу якія-кольвек абмеркаванні магчымыя, але пазбаўленыя перспектывы выніку», – заявіў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

Але рана ці позна ўсе гэтыя пытанні пяройдуць у практычную плашчыню, папярэджвае палітолаг Пятро Алэшчук:

«Вывад войскаў з Украіны – мякка кажучы, нетрывіяльная задача. У тым ліку выключна юрыдычна і дыпламатычна. Працаваць над развязаннем праблемы трэба ўжо цяпер. Стварэнне працоўнай групы дазволіць падрыхтаваць неабходныя дакументы».

Адна з задачаў беларускай дэлегацыі ў Давосе – паказаць падтрымку Украіне. Святлана Ціханоўская будзе выступаць там разам прэзідэнтамі Польшчы і Вугоршчыны, прэмʼерам Харватыі і ўласна міністрам замежных справаў Украіны.

«Гэта знакава, што беларусы ў другі раз удзельнічаюць у гэтым мерапрыемстве. У прыватнасці з галоўнай сцэны будзе выступаць спадарыня Святлана Ціханоўская», – паведаміў Алесь Аляхновіч.

Абраная прэзідэнтка Беларусі выступае на двух дыскусіях: пра адзіны фронт Еўропы і пра свабоду слова.

«Мы распрацоўваем Канстытуцыю і новы закон аб выбарах. Мы мусім зрабіць так, каб тыранія больш ніколі не паўтарылася ў Беларусі. І мы цвёрда верым у прынцыпы дэмакратыі», – заявіла Святлана Ціханоўская падчас выступу ў Фінляндыі.

Асобна ў планах – сустрэчы з прэмʼер-міністрам Нідэрландаў, кіраўніцтвам бельгійскага рэгіёну Фландрыя і з прадстаўнікамі прыватнага сектару і тэхналагічных кампаніяў, такіх, як «Google».

Яраслаў Сцешык, «Белсат»